Ярмошына прапануе правесці выбары ў Беларусі 1 снежня 2019 года і ў 2020-м
Reuters
Кіраўнік беларускага Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прапануе правесці выбары 1 снежня 2019 года. Але не ўдакладняе, якія: парламенцкія ці прэзідэнцкія.
"Ніхто не ведае, якая кампанія будзе праведзена ў гэтым годзе, а якая ў наступным. ЦВК таксама не валодае інфармацыяй пра гэта. Мы спадзяемся, што інтрыга будзе раскрытая падчас штогадовага паслання кіраўніка дзяржавы", — заявіла Лідзія Ярмошына 22 лютага падчас анлайн-відэабрыфінга "Аб падрыхтоўцы да будучых выбараў у Беларусі і навінах у выбарчым працэсе". Яна дадала, што ЦВК рыхтуецца да двух асобных выбарчых кампаніяў.
У 2020 годзе ў Беларусі завяршаецца тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання і 5-й прэзідэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі. Лідзія Ярмошына лічыць, што правесці дзве электаральныя кампаніі прыблізна ў адзін час выбарчыя камісіі не здольныя. Да таго ж, такое сумяшчэнне выбараў моцна палітызуе грамадства.
Раней Цэнтрвыбаркам агучваў крайнія тэрміны правядзення выбараў. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — не пазней за 6 верасня 2020 года.
"У нас выбары пераносіць на больш позні тэрмін нельга, а на больш ранні — можна. Мы ж пераносілі, і не раз. Прэзідэнцкія дакладна пераносіліся. Вось вам, калі ласка: у сакавіку 2006 года, а павінны былі быць выбары ўвосень", — год таму тлумачыла сітуацыю Еўрарадыё старшыня ЦВК.
Перанос адной з кампаній на больш ранні тэрмін азначае скарачэнне ці тэрміну прэзідэнцкіх, ці тэрміну дэпутацкіх паўнамоцтваў. Эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер аспрэчваў магчымасць свабодна перасоўваць даты выбараў: "У Канстытуцыі напісана: тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта — 5 гадоў, Палаты Прадстаўнікоў — 4 гады. І ад гэтага тэрміну адступаць наогул немагчыма, нельга скарачаць па жаданні".
У бюджэт Беларусі на 2019 год правядзенне выбараў не закладзенае, бо па графіку 2019 год не з'яўляецца выбарным. Расходы на Цэнтрвыбаркам складаюць сціплыя 538 тысяч рублёў ($255 тысяч па курсе Нацбанка на 26 кастрычніка). Гэта па 44 тысячы ($21 тысяча) у месяц. А ў 2018 годзе, калі ў Беларусі выбіралі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выдаткі на ЦВК былі ў 36 разоў больш і складалі за 19,5 млн рублёў (па курсе на час прыняцця бюджэту — $10 млн).
Зрэшты, па адсутнасці грошай у бюджэце нельга зрабіць выснову, што парламенцкіх ці прэзідэнцкіх выбараў ці рэфэрэндуму у 2019 годзе не будзе. Сродкі на правядзенне выбарчай кампаніі могуць быць вылучаныя пасля прызначэння выбараў:
"Такое магчыма, але механізм будзе складаней. Пры прызначэнні выбараў трэба будзе даваць даручэнне ўраду, каб ён зрабіў адпаведную пастанову і адшукаў гэтыя сродкі з агульнадзяржаўных выдаткаў. Такое магчыма", — каментавала Лідзія Ярмошына.