ЦЕРН спыняе супрацоўніцтва з Беларуссю, але не з беларускімі навукоўцамі
Вялікі адронны калайдэр у ЦЕРН
Савет Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў (ЦЕРН) 15 снежня прыняў рашэнне разарваць пагадненне аб міжнародным супрацоўніцтве з Беларуссю з 27 чэрвеня 2024 года. Пра гэта вядзеецца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
ЦЕРН заключае пагадненні аб міжнародным супрацоўніцтве з краінамі на пяць гадоў. Яны аўтаматычна працягваюцца яшчэ на пяць гадоў, калі адзін з бакоў за шэсць месяцаў да таго не паведаміць пра намер скасаваць пагадненне.
Тэрмін дзеяння пагаднення аб міжнародным супрацоўніцтве з Беларуссю, падпісанага ў 1994 годзе, заканчваецца 27 чэрвеня 2024 года. У чэрвені 2022 года Савет ЦЕРН заяўляў пра намер скасаваць яго ў сувязі з уварваннем Расіі ва Украіну і ўдзелам Беларусі ў гэтым. 15 снежня Савет прыняў рашэнне аб скасаванні пагаднення і ўсіх пратаколаў і дапаўненняў, якія да яго адносяцца.
ЦЕРН падкрэслівае, што прынятыя захады не закрануць адносінаў з навукоўцамі з беларускім грамадзянствам, якія тым ці іншым чынам афіляваны з ЦЕРН.
ЦЕРН таксама выходзіць з пагаднення з Расіяй — але на паўгода пазней: 30 лістапада 2024 года, піша Reform.by.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.