Чакаць больш за суткі: дальнабойнікі спрабуюць вярнуцца ў Беларусь з ЕЗ
Дальнабойнікі/ pixabay
Беларускія дальнабойнікі захраслі ў чэргах на ўсходняй мяжы Еўразвяза, піша Financial Times. Санкцыі Бруселя абавязваюць беларускія фуры з 16 красавіка пакінуць ЕЗ. А Беларусь у адказ зачыняецца для еўрапейскіх перавознікаў.
У выніку на беларуска-польскай мяжы сабраліся шматкіламятровыя чэргі. Час чакання ў пункце пропуску Баброўнікі ўдзень у суботу набліжаўся да 30 гадзін. Такі ж час чакання на выезд велікагрузаў з Польшчы ў пункце пропуску Карошчын. Сітуацыя пагаршаецца тым, што пункт пропуску Кузня зачынены з лістапада 2021 года з-за міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы.
Кіроўцы грузавікоў, якія ўстануць у чаргу да поўначы 16 красавіка, змогуць дачакацца права заезду без штрафных санкцый, паведамляе “Радыё Беласток”.
“Беларускіх і расійскіх перавознікаў, якія будуць стаяць у чэргі з нядзелі, 17 красавіка, чакаюць фінансавыя санкцыі за парушэнне Закона пра аўтамабільныя перавозкі. Тавары з такіх транспартных сродкаў могуць вярнуцца да месца гружэння ці будуць перагружаны ў грузавікі кампаній, якім не забаронены заезд у ЕЗ”, — піша польскае выданне Korier Poranny.
Financial Times са спасылкай на транспартавыя кампаніі піша пра доўгія чэргі ў памежпераходах на беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах. У цэлым жа, каля 10 тысяч беларускіх і расійскіх аўтамабіляў усё яшчэ знаходзяцца ў ЕЗ, піша выданне са ссылой на старэйшага выканаўчага дырэктара кампаніі Gurtam Аляксандра Куўшынава. Хуткім часам гэтыя машыны дамоў не вернуцца.
Кіраўнік польскага з'яднання аўтамабільнага транспарта Ян Бучек адзначае, што таксама каля 3 тысяч польскіх грузавікоў цяпер усё яшчэ застаюцца на тэрыторыях Беларусі і Расіі. Ён дадае, што жорсткія дзеянні ў дачыненні беларускіх і расійскіх дальнабойнікаў могуць выклікаць зваротныя рэакцыі.
“Мы павінны шукаць мяккі развязак, таму што кожная агрэсіўная форма дзеянняў Еўропы супраць расійскіх і беларускіх грузавікоў на мяжы неадкладна выкліча зваротныя меры супраць нашых грузавікоў, якія знаходзяцца ў дарозе ці вяртаюцца з такіх рынкаў, як Манголія, Казахстан і Узбекістан", — сказаў Бучек.
Прэзідэнт еўрапейскага аддзялення адной з найбуйных у свеце транспартавых кампаній XPO Logistics Луіс Гомес у размове з FT адзначае, што сітуацыя можа стварыць дадатковую нагрузку на сектар грузаперавозак у Еўропе. Зрэшты, ён дадае, што санкцыі маюць меншы ўплыў, чым выйсце з галіны каля 100 тыс. украінскіх кіроўцаў-дальнабойнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.