Чалы: Лукашэнка баіцца ўнутраных змоваў
"Разглядаць гэта хутчэй за ўсё трэба ў духу не "я хацеў бы, каб вы запланавалі, як вы будзеце існаваць без мяне", а "я хацеў бы, каб мне было відаць, хто ўсур'ёз на гэта разлічвае", — каментуе ў праграме" Чалы live "незалежны аналітык Сяргей Чалы анансаваны дэкрэт Лукашэнкі, згодна з якім, калі цяперашняга кіраўніка Беларусі не стане, улада пяройдзе Савету бяспекі.
На думку Чалага, новы дэкрэт — гэта не пра транзіт ўлады і не пра лёс Лукашэнкі. Маўляў, малаверагодна, што беларускі кіраўнік сур'ёзна думае аб завяршэнні свайго жыцця нейкім раптоўным спосабам і тым больш ён не думае пра тое, што будзе з краінай, калі яго не будзе. Новы дакумент патрэбны, каб пазбегнуць змоваў унутры дзяржапарата.
"На самой справе цалкам відавочна, што пасля таго, як Лукашэнку паказалі "Манкуртаў"(фільм дзяржТБ — рэд.), відавочна, што ён сур'ёзна і рэалістычна ўспрымае патэнцыйную пагрозу ўнутраных змоваў. І спроба сказаць: "Хлопцы, вы будзеце, у выпадку чаго, пасля мяне", азначае, што "Я не дазволю вам нічога зрабіць для сцэнара паскарэння гэтага працэсу. Ведайце, за вамі будзе спецыяльны кантроль". Гэта яго спроба цяпер працаваць гэтак жа, як раней, на разбурэнне магчымых кааліцый і магчымых змоваў. Проста цяпер ён гэтыя змовы успрымае як пытанне сваёй асабістай бяспекі", — лічыць аналітык.
Пра змест новага дэкрэта Лукашэнка заявіў 24 красавіка. У выпадку яго смерці кіраваць Беларуссю будзе Савет бяспекі:
"У нас будзе фактычна калектыўны прэзідэнт у выглядзе Савета бяспекі. Так, старшыня будзе: калі няма прэзідэнта, выконвае абавязкі прэм'ер. Ён будзе старшынстваваць, але ўсе рашэнні будуць прымацца таемным галасаваннем, каб не было ціску. Калі будуць прэзідэнцкія выбары прызначаныя, ўводзіць/не ўводзіць надзвычайнае становішча, як дзейнічаць і гэтак далей — вось грамадзянскія і ваенныя ў Савеце бяспекі вырашаць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.