Чалы пра Лукашэнку: Галоўны яго страх, што грамадства жыве ў абыход афіцыёзу

Сяргей Чалы / Еўрарадыё
Сяргей Чалы / Еўрарадыё

"Калі ён бачыць, як усё працуе без яго неабходнасці паруліць, вядома гэта выклікае як мінімум раздражненне, як максімум гнеў", — так каментуе незалежны аналітык Сяргей Чалы ў стрыме на канале "Чалы live" словы Лукашэнкі пра тое, што без дзяржавы немагчыма аднавіць пацярпелы ад пажару касцёл у Будславе.

На думку Чалага, у сітуацыі са зборам сродкаў на аднаўленне храма Лукашэнка зноў сутыкнуўся з тым, што грамадства жыве ў абыход кантролю, указу і вокрыку.

"Ён убачыў, гэта галоўны яго страх, што грамадства пачынае жыць і самаарганізоўвацца ў абыход афіцыёзу. Цяперашняя сітуацыя, якую мы зараз бачым, вельмі моцна нагадвае тое, што я назіраў падчас надыходзячага краху Савецкага саюза, калі стала зразумела, што ніхто не хоча і ўнутры гэтай сістэмы ўкладацца ў тое, каб працягваць яе існаванне. Тое ж самае прыкладна адбывацца і цяпер. На фоне дэградацыі гэтай сістэмы ніхто не збіраецца палец аб палец ударыць, праца ідзе па інэрцыі без таго, каб непасрэдна ў такім аўральным рэжыме Лукашэнку прыйшлося апраўдвацца, і ў той жа самы час у момант людзі самаарганізуюцца для няхай нават экстрэмальных рэчаў, але ў прынцыпе гэта прыкмета таго, што ніякага кіраўніцтва тут не трэба", — лічыць Чалы.

14 траўня Лукашэнка ў чарговы раз абвінаваціў сваіх апанентаў у намеры прысвоіць грошы, якія нібыта збіраюцца на аднаўленне касцёла:

"Без дзяржавы яны нічога не зробяць усё роўна. Але гэтыя ж "неверагодныя" зноў кажуць: грошы збяром. Ветэранам ўжо "сабралі". Не ведаю толькі, дзе грошы. І тут кажуць: збяром. Нічога яны не збяруць. Яны проста людзям абвесцяць, у людзей забяруць грошы і падзеляць ў Польшчы. Таму калі хто-небудзь хоча дапамагчы аднавіць гэты храм, трэба адкрыць ім там (няхай яны адкрыюць рахунак), і няай людзі ім перадаюць грошы, а не ў Польшчу. Кожны чалавек, колькі зможа, калі захоча, туды перадасць грошы".

Пры гэтым, як падкрэслівае Сяргей Чалы, Лукашэнка не разабраўся, што збор сродкаў абвясціла Каталіцкая царква, а грошы збіраюцца на рахункі непасрэдна прыходу касцёла ў Будславе і дабрачыннага каталіцкага таварыства "Карытас".

Па стане на 15 траўня, беларусы перавялі на аднаўленне храма амаль 325 тысяч рублёў. 100 тысяч — ад кампаній Аляксандра Машэнскага, астатняе — ад фізічных асоб.

Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе загарэўся 11 траўня. У выніку яго абрынулася дах цэнтральнага нефа. 15 траўня дах абследавалі альпіністы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі