Чалы: рускія хацелі пад выглядам эканамічнай інтэграцыі чагосьці большага
Сяргей Чалы / Еўрарадыё
Эканаміст Сяргей Чалы падзяліўся ў эфіры Еўрарадыё сваімі меркаваннямі з нагоды эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках саюзнай дзяржавы:
"Праз што раздражненне ў рускіх адбываецца. Яны ж хацелі пад выглядам эканамічнай інтэграцыі чагосьці большага. Але пры гэтым не хацелі б плаціць за рух да эканамічнага саюза. Але так не працуе. Раніцай грошы, увечары крэслы. Калі вы хочаце захоўваць прыстойнасць. Не паказваць зубы і казаць, а што ж гэта вы такія, давайце мы вас далучым. То тады давайце не апярэджваць хады, а паслядоўна выконваць папярэднія крокі. На прыкладзе Еўрасаюза мы бачым, як важна не парушаць паслядоўнасць хадоў".
На думку Сяргея Чалага, тактыка Беларусі ў перамовах па эканамічнай інтэграцыі павінная быць паслядоўнай:
"Можа быць, мы і гатовыя на далейшыя крокі, гэта правільна. Але спачатку трэба выканаць папярэднія крокі. Калі нас цікавіць далейшая інтэграцыя, падатковая і манетарная. Але гэта магчыма толькі калі выканаць папярэднія крокі, а асноўны з іх — адзіныя рынкі на энерганосьбіты".
Беларусь і Расія да гэтага часу не дамовіліся па цэнах на нафту і газ. Цяпер Беларусь купляе газ па 127 долараў за тысячу кубаметраў. Беларускія ўлады хочуць знізіць кошт у 2 разы, і атрымаць цану на газ як у Расіі. Таксама застаецца незакрытым пытанне з нагоды кампенсацыі за падатковы манеўр у нафтавай галіне, праз які Беларусь за 2019 і 2020 год страціць 800 мільёнаў долараў.