Чалы: У нашай краіне існуе па два-тры курсы для самых розных валют
Прычым для некаторых валют гэтыя курсы абсалютна афіцыйныя, кажа эканаміст Сяргей Чалы.
Чалы: "У нас не толькі некалькі розных курсаў долара. У нас і па іншых некаторых валютах — за выключэннем расійскага рубля, еўра, долара — не два, а тры курсы цалкам афіцыйных. У нас паўнавартасная сістэма множных валютных курсаў. Так выйшла, бо ў сітуацыі, калі Нацбанк не хоча па нейкіх (пэўна, ідэалагічных) прычынах вызваліць курс, каб ён змог стаць рынкавым, то для спецімпарцёраў захоўваецца заніжаны курс, а для ўсіх астатніх — шукайце на міжбанку, які адрозніваецца ад біржавога, які пасля робяць афіцыйным".
Напрыклад, для злотага афіцыйны курс каля 1000 рублёў, а таргі на біржы 1 красавіка прайшлі блізка да 1400 рублёў. Па словах эканаміста, у такой сітуацыі жыць можна дастаткова доўга. Але такая сістэма нязручная і стварае праблемы для эканомікі.
Якія могуць быць варыянты развіцця гэтых падзеяў? Чалы зазначае, што нас чакае чарговае падаражэнне імпартных тавараў.
Чалы: "Можа атрымацца, што нават пры гэтай сістэме імпарт можа падаражаць яшчэ больш. Бо калі няма магчымасці набыць валюту па курсе, які павінны быць, то яна ўсё роўна будзе набытая — толькі даражэй".
Так што жыхарам нашай краіны варта рабіць чарговыя дзірачкі ў сваіх рамянях. І зацягваць іх тужэй.