Чаму беларускія бібліятэкі замаўляюць кніжкі Пуціна, Праханава і Лімонава
Што адбываецца з бібліятэкамі ў час, калі людзі сталі менш чытаць, а амаль кожную кніжку ўвогуле можна знайсці у інтэрнэце? На сайце дзяржзакупак знаходзім тэндары, абвешчаныя гарадскімі бібліятэкамі Гомеля і Магілёва.
“Калі набываем першы том, набываем і ўсе астатнія”
У спісах кніг, якія купіла Гомельская бібліятэка імя Герцэна, увогуле не знаходзім беларускамоўнай літаратуры. Затое тут ёсць адразу дзве кніжкі Пуціна — па некалькі асобнікаў кожнай. У бібліятэцы тлумачаць: закупляем тое, што чытаюць людзі, а таксама кніжныя навінкі:
“Што тычыцца беларускамоўных выданняў, мы замаўляем іх у дзяржаўных выдавецтвах, напрыклад, “Мастацтва, “Беларуская Энцыклапедыя” і іншых. Што да мастацкай беларускай літаратуры, яе купляем у прыватных выдавецтвах”.
Але ў спісах няма ні Васіля Быкава, ні Рыгора Барадуліна, ні Ніла Гілевіча. З беларускіх пісьменнікаў бібліятэкі замаўляюць Наталлю Батракову, Мікалая Чаргінца, Яўгенію Пастэрнак і Андрэя Жвалеўскага, Людмілу Рублеўскую, Андрэя Вароніна. Апошні — гэта рускамоўны літаратурны праект братоў Міраслава Адамчыка і Адама Глобуса. Дзякуй і на тым…
З замежнай літаратуры цяпер карыстаецца папулярнасцю Франц Кафка, працягваюць у бібліятэцы.
“Яшчэ ў беларускіх выдавецтвах мы абавязкова пакупаем кнігі з вялікай колькасцю тамоў. Караткевіч, Навуменка, напрыклад. Калі мы набылі першы том, дык будзем набываць і астатнія, калі яны выйдуць”.
Дар’я Данцова? Яе “ўжо начыталіся”
А вось Дар’я Данцова паціху сыходзіць з трэндаў-брэндаў. У гомельскай бібліятэцы кажуць, што людзі яе “ўжо начыталіся”, таму яны апошнім часам не карыстаюцца папулярнасцю.
У магілёўскай сістэме бібліятэк — 13 філіялаў. Супрацоўнікі збіраюць звесткі пра тое, што цікава людзям, і, згодна з гэтым, закупаюцца кнігі.
“Гэтыя звесткі збіраюцца ў чытальнай зале. Потым, згодна з гэтым, а таксама з тым, што цяпер папулярнае ў свеце, з кніжнымі навінкамі, мы замаўляем кнігі, атрымліваем прайсы. Пасля літаратура з’яўляецца ў бібліятэцы”.
Дзеці пачынаюць больш чытаць па-беларуску
Кнігі замаўляюць чатыры разы на год, то бок кожны квартал. У спісах на бліжэйшы квартал беларускія выданні таксама ёсць: Іван Навуменка, Яўгенія Янішчыц, Янка Купала. Але, як распавядае супрацоўніца бібліятэкі, рускай і рускамоўнай літаратурай беларусы цікавяцца значна больш.
Бібліятэкары заўважаюць тэндэнцыю: на беларускай мове пачынаюць больш чытаць дзеці.
“Да нас звяртаюцца бацькі, выкладчыкі, просяць, каб было болей беларускамоўнай дзіцячай літаратуры”, — падкрэсліваюць у бібліятэках.
Нам упэўнена пералічваюць беларускіх аўтараў, якіх замаўляюць для чытачоў. Узнікае пытанне: ці варта набываць новыя кнігі Пуціна, калі можна замовіць больш кніг, напрыклад, Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч?
“Мы замаўляем тое, што хочуць чытаць людзі”, — адказваюць у бібліятэцы.