Чаму дольшчыкі элітнага катэджнага пасёлка купляюць кватэры для выканкама?

 

Жыхары вядомага ў Мінску даўгабуда на Прытыцкага, які пачалі будаваць яшчэ ў 2007 годзе, расказваюць Еўрарадыё, што іх чакае яшчэ большая даплата, калі гарвыканкам не адмовіцца ад сваіх бясплатных кватэр. А што гэта за бясплатныя кватэры і за чый кошт яны будуюцца?

"У нас таксама былі адсяленні. І мы людзям давалі пэўную колькасць "квадратаў". Мы іх рассялілі. А калі не рассяляем, то павінны вызначаную колькасць метраў даць гораду", — распавядае Еўрарадыё дырэктар "Вытворча-інвестыцыйнай групы" Анатоль Кузняцоў.

Калі адзін дом будуюць на месцы знесенага, то былым яго жыхарам трэба даць новыя кватэры. Але калі дом будуецца на пустым месцы? Еўрарадыё даведваецца, што кожны забудоўшчык, акрамя тых, хто будуе сацыяльнае жыллё, у любым выпадку павінен выдзеліць такія кватэры выканкаму. Згодна з пастановай Саўміна, туды мусяць засяляць жыхароў, дамы якіх знеслі.

У кампаніі "Забудова-Будкомплекс" не могуць выдзеліць кватэры, бо будуюць катэджны пасёлак. Узамен яны набываюць кватэры ў іншых дамах і аддаюць гораду.

“Мы павінны набыць кватэры і перадаць іх гарвыканкаму. Калі б мы пабудавалі шматкватэрны дом, то аддалі б частку. А так мы павінны купіць у іншым месцы”, — расказваюць у фірме.

Як даведалася Еўрарадыё, калі забудоўшчык узводзіць дом у Мінску, нават на пустым месцы, частку кватэр ён аддае гораду за кошт нормы ўсярэдненага зносу.

"Усярэдненая норма зносу ўваходзіць у каштарысную вартасць будаўніцтва і размяркоўваецца паміж усімі членамі дольнага будаўніцтва", — кажа Еўрарадыё дырэктар фірмы "ОлКі" Алег Кіш.

Атрымоўваецца, што фактычна гэтыя бясплатныя кватэры будуюцца за кошт дольшчыкаў. А ў выпадку з будаўніцтвам катэджаў такія кватэры набываюцца за іх кошт.

"Гэта рэгулюецца пастановай Саўміна 407 ад 2007 года, — тлумачаць Еўрарадыё ў Камітэце жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама. — У горадзе Мінску зямельныя ўчасткі пад аднапавярховую жылую забудову ў асноўным даюцца для шматдзетных сем'яў. З іх не бярэцца ніякіх працэнтаў".

Не трэба аддаваць частку кватэр, калі дом будуецца для грамадзян, якія маюць дзяржпадтрымку на будаўніцтва жылля. Працэнт, які трэба аддаць на карысць выканкама, мяняецца, ён вылічваецца паводле формулаў. Напрыклад, у доме на Прытыцкага гэта 22 кватэры. Элітны катэджны пасёлак мусіць набыць кватэраў плошчай каля 7 працэнтаў ад сваёй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі