Чаму грамадскі транспарт ездзіць без кандыцыянераў

Інданезійскія бізнесмены спадзяюцца на пастаўку беларускіх аўтобусаў МАЗ у сваю краіну. Але ў Інданезіі левабаковы рух, таму руль у беларускіх аўтобусах трэба перастаўляць. Не праблема — гаворыць начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў па экспарце МАЗа Фёдар Будко.

“Мы гатовыя пад любы рынак адаптавацца — існуе моцная канструктарская база, якая рыхтуецца рэагаваць на любыя запыты рынка”, — кажа Фёдар Будко.

Можна толькі парадавацца за МАЗ і за Інданезію. Але чаму ў Беларусі не могуць усталяваць у аўтобусах хаця б кандыцыянеры? Лета ў Беларусі спякотнае, а некаторыя аўтобусы і тралейбусы пасажыры празвалі “душагубкамі”, бо не выратоўваюць нават адкрытыя фортачкі і люкі. Вось у Гродзенскім аўтапарку пра аўтобусы з кандыцыянерамі нават не чулі!

“А беларускія такія бываюць? З кандыцыянерамі”, — здзіўленню няма канца.

У канструктарскім бюро МАЗа гавораць, што  беларускія аўтобусы даўно робяць з кандыцыянерамі: маленькія для кабіны кіроўцы, вялікія — для салона пасажыраў. Ды што кандыцыянеры — ёсць і клімат-кантроль. Праўда, гэта дадатковая опцыя і ставіцца на замову пакупніка, бо, каб паставіць кандыцыянер для пасажыраў, трэба трохі іншая канструкцыя даху аўтобуса. Менавіта з гэтай прычыны паставіць на старыя аўтобусы кандыцыянер будзе дорага.

“Гэта як паставіць кандыцыянер на аўто, дзе раней яго не было. Можна, але даражэй”, — кажа спецыяліст МАЗа.

Для беларускіх кампаній аўтобусаў з кандыцыянерамі не заказвалі — пра такія выпадкі супрацоўнікі МАЗа не могуць успомніць:

“Толькі турыстычныя кампаніі заказваюць такія аўтобусы, а простыя, як “Мінсктранс”, не заказваюць. Яны заказваюць кандыцыянеры для кіроўцаў, але не для пасажыраў”.

Колькі каштуе паставіць адзін кандыцыянер на беларускі МАЗ, падказваюць у аддзеле продажаў завода.

“Аўтобус маркі “МАЗ 103” (гэта гарадскі аўтобус з нізкай падлогай даўжынёй 12 метраў і 39 сядзячымі месцамі — заўвага Еўрарадыё) каштуе 1,8 мільярда рублёў. Паставіць кандыцыянер на такі аўтобус каштуе 300 мільёнаў. Яшчэ адна новая мадэль МАЗа — 226 (ён меншы па даўжыні і мае меншую пасажыразмяшчальнасць — заўвага Еўрарадыё), каштуе 1,5 мільярда рублёў, плюс 180 мільёнаў за кандыцыянер”, — даюць выкладку на аўтазаводзе.

На такія маркі аўтобусаў можна паставіць кандыцыянер

Атрымліваецца, аўтобус з кандыцыянерам даражэйшы на 12-16,6%. Быццам і нямнога. Калі павялічыць на гэтыя 16,6% цану талончыка — гэта меней за тысячу рублёў!

У “Мінсктрансе” Еўрарадыё кажуць, што набываць аўтобусы з кандыцыянерамі нават у будучыні не плануюць. Бо дорага!

“Глядзіце, у цане талончыка “сядзіць” каля 50% выдаткаў на заробкі кіроўцам, абслугоўвальнаму персаналу. А амартызацыя, куды гэты кандыцыянер можна аднесці, — гэта ўсяго 10% ад кошту талончыка. 12% да кошту аўтобуса за кандыцыянер — гэта істотна. Але на цану талончыка гэта паўплывае слаба. Так, гэта ўплывае на якасць паездкі, але ўсе выдаткі лягуць на нас, і для нас гэта дорага. Кандыцыянер жа яшчэ трэба запраўляць, і гэта таксама не бясплатна”,  — кажуць у “Мінсктрансе”.

“Мы на новыя аўтобусы грошы выпрасіць не можам, не тое што на аўтобусы яшчэ з кандыцыянерамі”,  — сумуюць і ў Гродзенскім аўтапарку.

Можна на спякоту ў транспарце скардзіцца, а можна і пратэставаць. Няхай і не зусім звычайным чынам

Паскардзіцца на спякоту ў аўтобусах, канечне, можна, “Мінсктранс” такія званкі ў спякотныя дні прымае дзясяткамі, але нейкай мінімальнай ці максімальнай тэмпературы ў грамадскім гарадскім транспарце не прадугледжана. Нормы ёсць для паказчыкаў тэмпературы ў кабіне кіроўцы — пасажыраў гэтыя нормы, на жаль, не тычацца.

Фота: transit.parovoz.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі