Чаму Лукашэнка пагадзіўся выдаць Баўмгертнера Расіі
Дырэктар па маркетынгу і адміністрацыйных пытаннях порта ў Клайпедзе кажа, што за апошні месяц адгрузка беларускіх угнаенняў знізілася ўдвая.
“Зменяцца гаспадары, прыйдуць людзі, якія зацікаўленыя ў вытворчасці, перш за ўсё, калійных угнаенняў на прадпрыемстве “Уралкалій”, мы гатовыя з імі працаваць”, — заяўляе 19 верасня Аляксандр Лукашэнка і дадае, што расійскае прадпрыемства — банкрут.
І гэта ўжо другі адкрыты намёк у бок кіраўніцтва Расіі. Маўляў, мы хацелі б аднавіць Беларускую калійную кампанію ў ранейшым выглядзе, але без уладальніка “Уралкалія” Сулеймана Керымава і генеральнага дырэктара Баўмгертнера. Прычым, падобна на тое, што беларускія ўлады нават гатовыя вярнуць затрыманага расійскага топ-менеджара на радзіму, у рукі Генпракуратуры РФ.
Еўрарадыё спрабуе даведацца праўду пра прычыны такой неспадзяванай літасці. Аналітыкі ўжо спяшаюцца наперабой паведаміць пра тое, што справы “Беларуськалія” ў прасоўванні свайго тавару на сусветным рынку ідуць не вельмі. Але кіраўнік Аддзела экспарту і лагістыкі беларускага прадпрыемства Дзмітрый Прахоцкі гаварыць на гэтую тэму катэгарычна адмаўляецца. Маўляў, нават пра сваё асабістае жыццё вам гатовы расказаць, а вось пра экспарт угнаенняў — ні-ні.
Затое пагаварыць пра гэта пагаджаецца дырэктар па маркетынгу і адміністрацыйных пытаннях порта ў Клайпедзе Артурас Друнгілас. Менавіта праз гэты порт ідуць асноўныя замежныя пастаўкі “Беларуськалія”. Літовец расказвае, што попыт на беларускія ўгнаенні пачаў падаць яшчэ да пачатку расійска-беларускай калійнай вайны.
“У гэтым годзе аб’ёмы перавозак угнаенняў праз наш порт знізіліся. У апошні месяц зніжэнне больш значнае, вядома, але аб’ёмы адгрузак зніжаліся з самага пачатку года”.
Друнгілас удакладняе, што праз порт Клайпеды адгружаюцца не толькі беларускія ўгнаенні. Ёсць таксама крыху расійскіх і літоўскіх. Але аснову, вядома, складаюць беларускія. І зніжэнне адгрузак у два разы звязанае менавіта з беларускімі праблемамі.
“Лічбы ў нас па сыпучых угнаеннях, уключна з нашымі угнаеннямі, расійскімі і вашымі беларускімі. Зніжэнне за мінулы месяц на 54,7%. І гэтае зніжэнне ў асноўным за кошт калійных угнаенняў”.
Так што, прыступ міласэрнасці ў афіцыйнага Мінска можа быць, хутчэй, праявай меркантыльных інтарэсаў, чым жэстам добрай волі.
Фота - Reuters