Чаму на сонечнае зацьменне нельга глядзець без абароны вачэй
Калі глядзець няўзброеным вокам — можна аслепнуць.
Прыкметы апёкаў ад зацьмення: затуманьванне і заслона пасярэдзіне вока
Самае вялікае сонечнае зацьменне за апошнія 16 гадоў можна будзе ўбачыць у пятніцу, 20 сакавіка, таксама і ў Беларусі. Зацьменне пачнецца ў 11 гадзін 57 хвілін 48 секунд па беларускім часе. Максімальная фаза – у 13 гадзін 6 хвілін 33 секунды, завершыцца зацьменне ў 14 гадзін 15 хвілін 43 секунды.
Доктар-афтальмолаг вышэйшай катэгорыі Тамара Пяганава з кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі тлумачыць, чаму нельга глядзець на сонечнае зацьменне няўзброеным вокам.
“Глядзець на сонечнае зацьменне без абароны вачэй нельга, бо хвалі вызначанай даўжыні (інфрачырвоныя, ультрафіялетавыя) ўсё адно ўздзейнічаюць на вока. Калі глядзець наўпрост — можна атрымаць моцны апёк на сятчатцы ў вобласці жоўтай плямы — гэта, проста кажучы, тая вобласць, якой чалавек бачыць, чытае, робіць нейкую тонкую працу. Да нас паступалі пацыенты з апёкамі вобласці жоўтай плямы пад час мінулых зацьменняў”, — кажа доктар.
Падчас мінулых сонечных зацьменняў ў БелМАПА паступалі пацыенты з апёкамі сятчаткі. На сятчатцы ўтвараўся рубец, і зрок губляўся, цалкам аднавіць яго пасля такога апёку амаль немагчыма — вастрыня зроку ўсё роўна будзе нізкай.
Глядзець на зацьменне катэгарычна нельга праз бінокль, тэлескоп, якія-небудзь акуляры, палярызацыйны фільтр альбо каляровае шкло — ні адзін з гэтых спосабаў не абароніць вочы і можна страціць зрок. Лепш за ўсё назіраць за з'явай у планетарыі, праз маску зваршчыка або выкарыстаць сонечны фільтр.
Відэа і фота найвялікшага сонечнага зацьмення за апошнія 16 гадоў
Як у паўночнай Еўропе назіралі сонечнае зацьменне (фота, відэа)
Ілюстратыўнае фота з сайта cosmos-online.ru