"Чаму нас прынялі ў Балонскі працэс і ці дадуць еўрапейскі дыплом?"

"Чаму ж Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, калі заўважных рэформ мы не зрабілі?" — самае распаўсюджанае пытанне ў сацсетках да еўрапейскіх міністраў. Спрабуем разабрацца, як жа нас узялі і хто прымаў такое рашэнне.

Як даведалася Еўрарадыё, Беларусь у Балонскі працэс прынялі не аднагалосна, былі краіны, якія сумняваліся, а прыняцце рашэння нават прапаноўвалі перанесці. Супраць выказвалася Нарвегія, па словах сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзіміра Дунаева:

"Прадстаўнік Нарвегіі наогул прапаноўваў адкласці разгляд гэтага пытання, каб беларускі бок даў пісьмовыя абавязанні выконваць дарожную мапу. Праблемы ўсё тыя ж: свабоды, універсітэцкая аўтаномія, удзел студэнтаў у кіраванні".

У выніку з Беларусі ўзялі абавязанні аб выкананні дарожнай мапы, і гэта не пажаданні, а ўказанні.

Як бачым, нас прынялі за доўгае і ўпартае жаданне, а не за рэформы.

"Ці будуць нашы дыпломы прызнавацца ў Еўропе?" — другое пытанне, якое найбольш хвалюе сённяшніх выпускнікоў. Тут усё няпроста. Дыпломы прызнаюць, калі ўніверсітэты, адзін еўрапейскі, а другі беларускі, падпішуць дамовы паміж сабой і ўзгодняць праграмы. Тады студэнт, які павучыўся спярша ў БДУ, а пасля, напрыклад, у Чэхіі, атрымае два дыпломы: беларускі і еўрапейскі. І зможа лёгка ўладкоўвацца на працу. Але тут усё залежыць ад ініцыятывы беларускіх універсітэтаў.

Напрыклад, у Расіі, якая ўвайшла ў Балонскі працэс 13 гадоў таму, такое пагадненне збіраюцца падпісаць паміж Смаленскім універсітэтам і Беластоцкім.

"Першы крок — гэта заліковыя адзінкі, каб суадносіць розныя праграмы ў розных універсітэтах. У нас ёсць праграма падвоенага дыплома, цяпер ідуць перамовы з Беластоцкім універсітэтам. Чалавек вывучае праграму ў двух універсітэтах і атрымлівае 2 дыпломы", — кажуць у Смаленскім універсітэце.

Трэцяе распаўсюджанае пытанне: "Ці прымусяць нас еўрапейскія міністры правесці тыя самыя рэформы?" Адказваем з аглядкай на суседзяў. Ва Украіне, якая ў Балонскім працэсе 10 гадоў, студэнты абіраюць рэктараў і маюць свой парламент.

"Яны ў нас раўнапраўныя ўдзельнікі працэсу, 15% галасоў на выбарах рэктара —студэнцкія”, — апісвае Станіслаў Нікалаенка, экс-міністр адукацыі, выканаўца абавязкаў рэктара ўніверсітэта біярэсурсаў і прыродакарыстання.

У Беларусі рэктараў пакуль прызначаюць, а студэнты хіба ладзяць святы для саміх сябе ды размяркоўваюць месцы ў інтэрнаце. У ідэале нас чакаюць рэформы, але ўсё зноў залежыць ад мясцовых чыноўнікаў.

І апошняе папулярнае пытанне. "Напрыклад, падчас выбараў, якія ў Беларусі хутка, студэнтаў затрымліваюць на акцыі і выганяюць з універа. Ці выганяць тады Беларусь з Балонскага працэсу?"

Прыкладаў у гісторыі не было ніколі за ўсё існаванне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Туды толькі прымаюць, а працэдуры выключэння проста няма. Хаця еўрапейскія міністры абяцаюць ацаніць рэформы ў Беларусі праз 3 гады. Тады, можа, і пакараюць.

"Працэдуры выключэння з працэсу няма, але і такога ўмоўнага прыняцця, з дарожнай мапай, таксама не было ніколі", — такое прыняцце Уладзімір Дунаеў называе беспрэцэдэнтным, а месца ў Балонскім працэсе — умоўным.

Першы раз, 3 гады таму, нас не ўзялі ў Балонскі працэс за парушэнне прынцыпаў студэнцкага кіравання і аўтаноміі.

Фота: karazin.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі