Чаму Пуцін жадае перамогі Трампу?

Чаму Пуцін жадае перамогі Трампу?

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў Хілары Клінтан назвала свайго саперніка Дональда Трампа "марыянеткай Крамля", якая мае "цесныя фінансавыя сувязі з Кітаем і Расіяй", паведамляе Financial Times.

Гэты выпад яна зрабіла ў адказ на пастаянныя абвінавачванні з боку Трампа ў тым, што дабрачынны фонд Клінтан звязаны з замежнымі донарамі. Гэтай сварцы папярэднічалі новыя дадзеныя: у ліпені Хілары выдаткавала на сваю прэзідэнцкую кампанію ўдвая больш, чым Трамп, і знаходзіцца на больш трывалых фінансавых пазіцыях.

Пры гэтым штаб дэмакратаў абвінавачвае Трампа не толькі ў бізнес-адносінах з Расіяй і іншымі краінамі.
 

"Дональд Трамп адмаўляецца апублікаваць свае фінансавыя адносіны, ніці якіх патэнцыйна могуць весці ў Крэмль. Гэта, у сваю чаргу, можа ў далейшым уплываць на яго знешнепалітычныя рашэнні. Непакоіць і тое, што такія краіны, як Кітай патэнцыйна змогуць кіраваць ім і яго знешняй палітыкай", — выказвае асцярогі Робі Пакут, кіраўнік перадвыбарчага штаба Хілары Клінтан.

Апошнім часам Washington Post амаль кожны дзень змяшчае аналітычныя матэрыялы на расійскую тэму. Артыкул былога пасла ЗША ў Маскве Майкла Макфала атрымаў загаловак "Чаму Пуцін жадае перамогі Трампу (так моцна, што, магчыма, нават спрабуе яму дапамагчы)".

На руку Пуціну граюць абяцанні Трампа разарваць падпісаныя амерыканцамі пагадненні, у прыватнасці, гандлёвыя. Па словах Макфала, з пункту гледжання Пуціна што можа быць лепш, чым калі новы год пачнецца з гандлёвай вайны паміж ЗША і Кітаем ці Мексікай?

"У цэлым Трамп прапаведуе ізаляцыйны курс і адмову Амерыкі ад кіруючай ролі ў свеце, яго мала хвалююць развіццё дэмакратыі і правоў чалавека. Самаўхіленне Амерыкі ад сусветных спраў выдатна ўпісваецца ў знешнепалітычныя інтарэсы Пуціна", — піша аўтар.

Макфал таксама папярэджвае, што абранне Трампа пацягне за сабой і смуту ўнутры ЗША, паколькі яго "радыкальныя ідэі наконт міграцыі і пабудовы сцяны на паўднёвай мяжы выклічуць сур'ёзны супраціў як у Кангрэсе, так і ў краіне ў цэлым". А разлад у ЗША яшчэ больш развяжа Пуціну рукі.

Макфал, які з'яўляецца прыхільнікам Дэмакратычнай партыі, параўноўвае погляды Трампа з пазіцыямі яго саперніцы Хілары Клінтан. Яна, паводле яго слоў, не будзе служыць пуцінскім інтарэсам, "ніколі не прызнае, што Крым — гэта частка Расіі”.

Галоўная сталічная газета ЗША таксама размясціла артыкул Анджэлы Стэнт, дырэктара Цэнтра па вывучэнні Еўразіі, Расіі і Усходняй Еўропы пры Джорджтаўнскім універсітэце. Матэрыял азагалоўлены катэгарычна: "Перазагрузкі" з Расіяй не будзе". У падзагалоўку — пытанне: "Што рабіць наступнаму прэзідэнту з усё больш аўтарытарнай Расіяй?"

Па словах Стэнт, Вашынгтону варта працягваць перамовы з Расіяй па Сірыі і па Украіне, але ўступаць з Крамлём у "інтэнсіўны дыялог, толькі калі расійскае кіраўніцтва будзе шчыра зацікаўленае ў вылучэнні канструктыўных прапаноў". Пакуль Расія працягвае падсілкоўваць канфлікт на ўсходзе Украіны, які забраў на дадзены момант 10 тысяч жыццяў, ЗША мусяць не адмяняць санкцыі, а ўзмацніць сваю ваенную прысутнасць у Еўропе і пярэчыць спробам Расіі дэстабілізаваць суседнія краіны. Як лічыць аўтар, "расійскі выклік носіць доўгатэрміновы характар і, хутчэй за ўсё, перажыве як наступнага амерыканскага прэзідэнта, так і кіраванне Пуціна".

Фота: Getty Images

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі