Чаму рэзка падаражэлі бананы?

Знайсці банан за 20000 рублёў — рэдкасць. З большага каштуюць 23000-29000! Хоць яшчэ падчас мясцовых выбараў кошт бананаў на ўчастках быў і па 17000-18000 рублёў!

Пра рэзкае падаражэнне бананаў кажуць і самі прадаўцы.

"Бананы каштуюць 26900 рублёў за кіло, неяк яны за адзін дзень падаражэлі. Можа, прывоз такі? Мо непагадзь у Эквадоры? Пакупнікі, канечне, бяруць. Не так актыўна, як калі былі на 20000 рублёў", — у краме "Суседзі" заўважаюць, што апошнім часам пакупнікі больш бяруць апельсіны (20 000 рублёў за кіло), яблыкі (8500 рублёў за кіло) ды грушы (11-20 000 рублёў за кіло).

Адкуль такія кошты? Бо яшчэ ў лістападзе мінулага года кіло бананаў з лёгкасцю можна было набыць за 10000-11000 рублёў!

Нагадаем, з лістапада 2013 года гандлёвую надбаўку на бананы дзяржава перастае кантраляваць. І гэтая садавіна з сацыяльна значных пераходзіць у катэгорыю проста прадуктаў. Прадаўцы тады абяцаюць, што ад гэтага кошты не вырастуць — і на табе: меней чым за паўгода — больш чым удвая!

У краме “Суседзі” кажуць, што і гандлёвая надбаўка быццам бы не асабліва высокая: 18%.

Гэта і сапраўды нямнога, пагаджаюцца ў фірме-пастаўшчыку садавіны "Фруктест". Накрутку нават абмяжоўваюць, каб захаваць рынак.

"Некалі банан быў самым танным прадуктам, а зараз ананас таннейшы за банан!" — здзіўляюцца на фірме.

Паводле версіі пастаўшчыка высокія кошты на бананы звязаныя з ураганамі ды неўраджаямі.

"Тэндэнцыя росту коштаў па ўсёй Еўропе, гэта звязана з недахопам — неўраджай бананаў у Эквадоры, Калумбіі — нашыя краіны-пастаўшчыкі. Кажуць, што былі ўраганы недзе ў Атлантыцы, што многа кантэйнераў згубілася ў дарозе, што некаторыя грузы затрымліваліся на тыдзень", — заўважаюць у аддзеле закупак "Фруктеста".

Цікава, што ў 2013 годзе у Беларусь завозілі болей за 74 тысячы тон бананаў, гэта на чвэрць  болей, чым ў 2012 годзе, і гэта пры тым, што кошты выраслі амаль на траціну!

"У параўнанні з мінулым сакавіком кошты выраслі на траціну — зараз мы купляем бананы за 1,5 долара за кілаграм, гэта з нашай цікавасцю ўжо, з транспартам, а тады — долар быў! Ды што казаць, за апошні тыдзень кошт за кіло бананаў вырас на 30 цэнтаў".

У сярэднім адпускныя кошты для гандлёвых сетак зараз каля 21000 за кіло, разам з падаткам на дадатковую вартасць. А плюс тыя 18% накруткі — вось вам і бананы па 30000 рублёў.

Але ёсць і добрыя навіны! Фірмы-пастаўшчыкі асцярожна прагназуюць хуткае зніжэнне коштаў:

"Мы б не сталі нічога абяцаць, але, здаецца, сітуацыя стабілізуецца і кошты быццам бы пойдуць уніз".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі