"Чаму сок прадаецца у пакетах па 0,95 літра?.. Каб не раслі кошты"
Беларускія крамы ахапіла эпідэмія нестандартных упаковак. Яшчэ некалькі гадоў таму малако прадавалі ў літровых пакетах, згушчонку — у 400-грамовых банках, а шакалад — 100-грамовымі пліткамі.
У траўні 2016 года ўсё іначай. Перад пакупкай трэба абавязкова праверыць, колькі важыць выбраны прадукт. Малака хутчэй за ўсё будзе 950 мілілітраў, а не літр. Шакаладу — 90 грамаў замест паўнавартасных 100. "Зараза" дабралася нават да зубной пасты і піва — замест звыклай "паўтарашкі" ўжо можна выпадкова ўхапіць бутэльку аб'ёмам 1,4 літра. Выглядае нібы гэтак жа, каштуе столькі ж. Але на 100 грамаў бурштынавага напою менш. Непрыемная дробязь...
Абзвоньваю прадпрыемствы, прадукцыю якіх знайшоў у паменшанай упакоўцы. Анастасія, спецыяліст па развіцці новай прадукцыі кампаніі, якая ў Беларусі выпускае "малочку" пад брэндам "Прастаквашына", расказвае, што упакоўку паменшыў... рост коштаў на малако.
"Гэтая з'ява звязаная нават не з развіццём прадукту і не з самім прадуктам. Яе можна сустрэць ужо даволі даўно і амаль ва ўсіх вытворцаў. Інгрэдыенты самі па сабе даражэюць. І не так марудна, як хацелася б. Таму вытворцы дазваляюць сабе такія змены ў тых межах і лімітах, у якіх магчыма".
Анастасія гаворыць, што ў Беларусь мода на крыху меншую, чым звычайна, упакоўку прыйшла з Еўропы. Маўляў, там такія хітрыкі працуюць ужо даўно. Вось і да нас дабраліся.
Замежныя вытворцы для Беларусі робяць спецыяльныя партыі паменшаных шакаладак і ёгуртаў, каб людзі коштаў не палохаліся
Спрабую паразмаўляць пра 0,95-літровыя пакеты соку і 90-грамовыя пліткі шакаладу з іншымі вытворцамі. Марная справа. Гаворкі не атрымліваецца, маркетолагі і намеснікі дырэктараў хаваюцца за словазлучэннем "камерцыйная таямніца". Супрацоўнікі ніжэйшага ўзроўню неафіцыйна расказваюць, што да крыху меншых за стандартныя аб'ёмаў вытворцаў змусіла звярнуцца падзенне курса рубля двухгадовай даўніны. Маўляў, цяпер нават замежныя вытворцы для Беларусі робяць спецыяльныя партыі паменшаных шакаладак і ёгуртаў. Каб людзі коштаў не палохаліся.
Ці законна ўсё гэта? Выбіраючы тавар на прылаўку, мы часта глядзім толькі на кошт і не шукаем на ўпакоўцы інфармацыю пра аб'ём альбо вагу. А ўжо дома бываем непрыемна здзіўленыя. У Мінскім таварыстве спажыўцоў Еўрарадыё расказалі, што вытворца абавязаны ўказаць фактычны аб'ём і вагу тавару на ўпакоўцы. А якімі яны будуць — вырашае толькі ён. У сваю чаргу, прадавец на цэнніках можа пазначаць кошт за адзінку масы, а можа — за адзінку тавару:
"У "Правілах продажу асобных відаў тавараў" сказана пунктам 22, што прадавец абавязаны забяспечыць наяўнасць цэннікаў на таварах з указаннем наймення тавару, іх гатунку, масы і меры тавару. А таксама кошт тавару за адзінку масы, меры альбо адзінку тавару", — гаворыць юрыст таварыства.
Таму ўсё законна. І калі хочаце ведаць, колькі насамрэч плаціце за літр малака, трэба хадзіць па закупы з калькулятарам у кішэні.