Чаму суд над блогерам Пальчысам (Джонам Сільверам) “закрылі”?

Чаму суд над блогерам Пальчысам (Джонам Сільверам) “закрылі”?

Каля Мінскага гарадскога суда 14 кастрычніка з раніцы збіраюцца палітыкі, актывісты і праваабаронцы. Яны збіраюць подпісы за вызваленне блогера Эдуарда Пальчыса, якога судзяць па падазрэнні ў распальванні нацыянальнай варожасці і распаўсюджванні парнаграфіі. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. У залу суда нікога не пускаюць, бо суд закрыты.

Распаўсюджванне парнаграфіі ў справе Пальчыса гэта... перапост карцінак з суполак у сацсетках.

Пакуль на ўдзельнікаў пікета ля суда складаюць пратаколы, былы вайсковы суддзя Ігар Лабавіцкі разбіраецца ў абставінах справы блогера. Менавіта суддзя прыняў рашэнне зрабіць суд закрытым. Але чаму? Паспрабуем разабрацца.

“Суд закрыты ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Усе падставы для закрытага паседжання суддзя не абавязаны паведамляць. Ён выносіў судовую пастанову аб закрытым рэжыме з самага пачатку”, — тлумачаць у судзе.

Чытаем крымінальна-працэсуальны Кодэкс. Зрабіць суд закрытым дазваляе артыкул 23:

— У інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўваемай законам тайны.

— Па справах аб палавых злачынствах і іншых справах у мэтах прадухілення выдавання звестак аб інтымных баках жыцця ўдзельнікаў.

З усяго пералічанага падставай для закрытай справы можа быць толькі абвінавачанне ў распаўсюджванні парнаграфіі. Гэта пацвярджае юрыст Тамара Сідарэнка. Але тады суд маглі б зрабіць закрытым часткова, а не цалкам.

“Суд не можа распаўсюджваць парнаграфічныя матэрыялы таксама, гэта падстава для закрытага паседжання. Але іншы артыкул не тычыцца парнаграфіі, таму суд можна зрабіць адкрытым часткова. Але суду было зручней зрабіць так”, — апісвае юрыст Тамара Сідарэнка.

Падобнае абвінавачанне — у распаўсюджванні парнаграфіі, было і ў удзельніка “Крытычнай масы” Змітра Паліенкі, якога асудзілі 12 кастрычніка. Але гэта не замінала суду слухаць справу адкрыта, у прысутнасці журналістаў.

Эдуарда Пальчыса затрымалі ў студзені 2016 года ў Расіі, у траўні яго экстрадавалі ў Беларусь і адразу ж узялі пад варту. Суд прызнаў 9 матэрыялаў з сайта Пальчыса экстрэмісцкімі.

Праваабаронцы называюць справу блогера палітычна матываванай, а яго — палітвязнем. Напярэдадні суда вызваліць Пальчыса заклікала міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”. Ён змяшчаў на сваім сайце матэрыялы, у якіх даваліся крытычныя ацэнкі палітыцы Расіі ў дачыненні Беларусі і Украіны. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі