Чаму ў сацсетках дагэтуль не заблакавалі “групы смерці”?

Чаму ў сацсетках дагэтуль не заблакавалі “групы смерці”?

Следчы камітэт паведамляе адразу пра два выпадкі спробаў суіцыду сярод падлеткаў. Па версіі следства, абодва звязаныя з “суіцыднымі групамі” у сацсетках. Нібыта, здзяйсненне суіцыду ― адно з заданняў, якое ў такіх групах дае куратар. Следчы камітэт нават распачаў крымінальную справу. Але чаму тады нічога не чуваць пра блакіроўку такіх груп?

Мінінфармацыі, якое можа за тры дні заблакаваць інфармацыйны рэсурс, як было з сайтам kyky.org накіроўвае Еўрарадыё у…. камісію па прадухіленні прапаганды гвалту і жорсткасці:

“У нас ёсць рэспубліканская камісія пры Міністэрстве культуры. Гаворка ідзе пра гвалт і жорсткасць. А гэты панятак уваходзіць у кампетэнцыю гэтай камісіі”.

У гэтую камісію звяртаецца Следчы камітэт, які займаецца крымінальнымі справамі аб спробах суіцыду:

“Па дадзеных выпадках следчымі падрыхтаваныя дакументы для перадачы ў Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці ў мэтах далейшага блакавання доступу да рэсурсаў, якія фігуруюць у матэрыялах крымінальнай справы. У той жа час робяцца захады па ўсталяванні месцазнаходжання “адміністратараў” і “куратараў” падобных гульняў, у тым ліку падрыхтаваныя лісты адміністрацыям сацыяльных сетак і запыты аб прававой дапамозе ў Расійскую Федэрацыю”, ― паведамляюць Еўрарадыё ў Следчым камітэце.

Але ў экспертнай камісіі “суіцыдальныя групы”… пакуль не глядзелі, нібыта, не іх профіль. Бліжэйшы сход камісіі прызначаны на 20-я чыслы сакавіка.

“Гэта крыху не наш профіль, у Мінінфарме ёсць камісія, якая займаецца экстрэмізмам. Нейкага паступлення шматлікіх матэрыялаў у нас не было. Відаць, пакуль Следчы камітэт разбіраецца. Калі да нас паступіць, будзем глядзець”, ― апісвае старшыня камісіі Ніна Фральцова.

Як заблакаваць “суіцыдныя групы” у Беларусі

Абмежаваць доступ да такіх груп можа толькі адміністрацыя сайта “Вконтакте”, калі да яе звернуцца беларускія праваахоўныя органы. З такім лістом да адміністратараў ужо звярнуўся Следчы камітэт. Але адміністрацыя сайта можа і не пагадзіцца з праваахоўнікамі і пакінуць групы як ёсць. Заблакаваць доступ да такіх груп з Беларусі на прамую немагчыма, нават калі іх прызнаюць экстрэмісцкімі ў Мінінфарме і судзе, а пасля камісія па прадухіленні распаўсюджвання гвалту вырашыць, што там ёсць гвалт. Заблакаваць можна толькі ўвесь сайт “Вконтакте”, на што, вядома, ніхто не пойдзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі