Частку збеглых замежных студэнтаў вярнулі ў Беларусь і пасадзілі ў СІЗА
У Беларусь вярнулі шэсць замежных студэнтаў, якія прыехалі вучыцца ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт, а потым спрабавалі незаконна збегчы ў Еўрасаюз. Як піша tut.by, маладыя людзі цяпер знаходзяцца за кратамі, ім пагражае дэпартацыя. Міліцыя працягвае шукаць астатніх збеглых студэнтаў.
Студэнты з Бангладэш сталі ўпершыню вучыцца ў Беларусі ў 2016 годзе. У лістападзе-снежні навучэнцы перасталі з'яўляцца на занятках. У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце з 48 замежнікаў зніклі 24, а ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце — 6 з 19 студэнтаў. Выявілася, што маладыя людзі паспрабавалі перабрацца ў Еўрасаюз.
У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце кажуць, што іх студэнты знікалі на адзін дзень, а потым зноў з'явіліся на занятках. Крыху пазней, кажа першы прарэктар універсітэта Валерый Жызнеўскі, памежная служба даслала ліст: шэсць чалавек выязджалі ў Расію, хаця не мелі права гэтага рабіць, бо ў іх аднаразовая віза.
Менавіта гэтую групу і змясцілі за краты ў СІЗА за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. Цяпер ім пагражае дэпартацыя.