Чатыры тэсты на выбар: якія змены чакаюць абітурыентаў, студэнтаў і школьнікаў

Чатыры тэсты на выбар: якія змены чакаюць абітурыентаў, студэнтаў і школьнікаў

З наступнага года абітурыентаў чакаюць змены пры паступленні. Навінкі прапісаныя ў прапановах, якія цяпер разглядае кіраўнік краіны. Што зменіцца, калі Аляксандр Лукашэнка прыме прапановы.

Чатыры тэсты замест трох

Абітурыенты змогуць здаваць чатыры іспыты на тэставанні, раней здавалі толькі тры (прычым, беларуская або руская мова былі абавязковымі для ўсіх). Цяпер, да прыкладу, здаць можна будзе адразу дзве мовы, а пасля абраць сертыфікат з лепшым вынікам і падаць яго ў ВНУ.

Калі абітурыент яшчэ не вызначыўся, гуманітарый ён ці тэхнар, то можа здаць матэматыку і замежную мову, а пасля вырашаць, ісці на перакладчыка ці на інжынера. Пра такія змены падчас прэс-канферэнцыі распавядае віцэ-прэм'ер Наталля Качанава.

"Гэтыя пытанні мы абмяркоўвалі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Такім чынам, абітурыентам будзе прасцей зарыентавацца".

Сертыфікат на два гады

Вынікі тэставання будуць дзейнічаць два гады. З сертыфікатам, атрыманым у 2017 годзе, абітурыент зможа ісці ў ВНУ і ў 2018-м.

Інстытут кантролю ведаў ацэніць адукацыю студэнтаў

Паўтара года таму Беларусь з агаворкамі прынялі ў Балонскі працэс. Эксперты Еўрапейскай прасторы адукацыі нават стварылі "дарожную мапу" для нашай краіны з рэкамендацыямі, што варта зрабіць.

Адна з такіх рэкамендацый — незалежнае агенцтва, якое ацэніць якасць адукацыі. Плануецца, што функцыі Інстытута кантролю ведаў пашыраць і ён акурат і зоймецца ацэнкай адукацыі.

"Мы прапрацоўваем пытанне незалежнай ацэнкі ведаў у школьнікаў за 9 і 11 класы. Прадумваем сістэму ліцэнзавання. Сур'ёзна глядзім па функцыянальнасці Інстытута кантролю ведаў, каб пашырыць яго паўнамоцтвы ў плане незалежнай ацэнкі ведаў у студэнтаў", — апісвае міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Да 2020 года перавыдадуць усе падручнікі

Сёлета школьнікі атрымаюць новыя падручнікі па Гісторыі Беларусі за шосты клас і па АБЖ. Гэта так званыя "базавыя падручнікі". А ўсе кнігі за ўсе класы плануюць перавыдаць праз чатыры гады. Над падручнікамі працуюць аўтарскія калектывы, у склад якіх уваходзяць настаўнікі.

Калі кіраўнік краіны падпіша прапановы, то ўжо ў 2017-м годзе гэтыя змены будуць працаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі