Чэхія можа зрабіць бестэрміновай забарону на выдачу ВНЖ беларусам
Прага
Чэхія можа ўвесці бестэрміновую забарону на выдачу віз і відаў на жыхарства беларусам і расіянам. З такой прапановай выступіла Міністэрства замежных спраў краіны, піша Чэшскае агенцтва друку.
Забарона, нагадаем, была ўведзена ў сувязі з нападам Расіі супраць Украіны і падтрымкай Беларусі гэтай агрэсіі. Дзеянне часовай забароны заканчваецца 31 сакавіка. У новай пастанове ўрада прапануецца не ўстанаўліваць тэрміны дзеяння.
Цяпер беларусы могуць атрымаць візы ў Чэхію толькі па гуманітарных падставах. Прэтэндаваць на кароткатэрміновую візу таксама могуць члены сям'і грамадзяніна Чэхіі ці іншай краіны ЕС, а на ВНЖ — члены сям'і грамадзяніна Чэхіі. Выдаць візу і ВНЖ таксама могуць тым, чыё знаходжанне ў краіне "адказвае інтарэсам Чэшскай Рэспублікі і гэтая цікавасць пацверджана МЗС", а таксама студэнтам, якія атрымалі стыпендыю ад Чэхіі, ЕС або міжнародных арганізацый на навучанне ў ВНУ.
Беларусы і расіяне, у якіх ёсць пашпарты іншых краін, таксама не могуць прэтэндаваць на ВНЖ у Чэхіі. Аднак усе гэтыя забароны тычацца толькі новых просьбітаў ВНЖ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.