Чэхія ўвяла бестэрміновую забарону на выдачу віз і новых ВНЖ беларусам
Прага
Урад Чэхіі падтрымаў прапанову МЗС краіны і ўвёў бестэрміновую забарону на выдачу віз і новых відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расіі. Аб гэтым піша рэсурс ceskenoviny.cz. Нагадаем, раней у краіне дзейнічала часовая забарона, яе ўвялі ў адказ на расійскую агрэсію супраць Украіны. Яе дзеянне заканчваецца 31 сакавіка.
Новая пастанова ўрада не прадугледжвае тэрміну дзеяння для забароны. Пры гэтым прэм'ер-міністр краіны Пётр Фіяла зазначыў, што неабходна "стварыць умовы для працы ў Чэхіі апазіцыі або вучобы студэнтаў, якія не хочуць мець нічога агульнага з рэжымамі Расіі і Беларусі". Кіраўнік чэшскага ўрада таксама нагадаў, што "у правілы ўключаны шэраг выключэнняў, але мы працягнем над гэтым працаваць".
Па дзейных правілах беларусы могуць атрымаць візы ў Чэхію толькі па гуманітарных падставах. Акрамя таго, прэтэндаваць на візу могуць члены сям'і грамадзяніна Чэхіі ці іншай краіны ЕС. Атрымаць ВНЖ па-ранейшаму могуць члены сям'і грамадзяніна Чэхіі. Выдаць візу і ВНЖ таксама могуць тым, чыё знаходжанне ў краіне "адказвае інтарэсам Чэшскай Рэспублікі і гэтая цікавасць пацверджана міністрам замежных спраў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.