Чэмпіёнка свету вучыць у Мінску людзей з інваліднасцю танцам на вазках

У Беларусі танцы на вазках як від спорту з'явіліся ў 1997 годзе. Школа танцаў чэмпіёнкі свету Ганны Гарчаковай адкрылася ў студзені 2014 года. Першы набор танцораў школы быў 29 чалавек.

"Ад заняткаў танцамі хлопцы і дзяўчаты фізічна мацнеюць, развіваецца пачуццё раўнавагі і каардынацыя, натуральна, яны становяцца больш рухомымі, ва ўсіх сэнсах, — распавядае кіраўніца і стваральніца школы танцаў на калясках Ганна Гарчакова. — Акрамя таго, безумоўна, адбываюцца псіхалагічныя змены: падымаецца і становіцца адэкватнай самаацэнка".

Ганна Гарчакова — чэмпіёнка свету і Еўропы па спартыўных танцах на інвалідных вазках, пяціразовая пераможца Кубка свету, пераможца Кубка Азіі і Кубка кантынентаў, майстар спорту міжнароднага класа.

Ганна пачала займацца танцамі падчас навучання на факультэце прыкладной псіхалогіі, тады ж яна трапіла ў Беларускі фонд дапамогі спартоўцам-інвалідам на практыку, дзе ёй прапанавалі заняцца танцамі. Ганна танчыла адна да таго часу, пакуль не сустрэла Ігара Кісялёва, майстра міжнароднага класа. Цяпер іх пара — адна з самых вядомых у свеце спартыўных танцаў. Разам з Ігарам Кісялёвым Ганна аб'ездзіла ўвесь свет, яны выйгравалі этапы кубкаў свету і адкрытыя чэмпіянаты свету ў Еўропе і Азіі. Ігар і Ганна ўжо 14 гадоў запар прывозяць медалі са спаборніцтваў па танцах на вазках.

Інвалідны вазок і танец упершыню сумясцілі ў Вялікабрытаніі ў канцы 1960-х гадоў XX стагоддзя. Да сярэдзіны 70-х танцы на вазках з'явіліся ў Еўропе, Азіі і на амерыканскім кантыненце.

На сённяшні дзень танцы на вазках распаўсюджаныя ў 45 краінах свету і з'яўляюцца не толькі паралімпійскім відам спорту, але і методыкай рэабілітацыі людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарата.

Больш падрабязна пра тое, як вучацца танцаваць людзі з інваліднасцю, расказваецца ў сюжэце, падрыхтаваным у медыямайстэрні "Эгалітэ".

У Мінску з'явілася аўташкола для людзей з інваліднасцю (відэа)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі