Што мяняецца з 1 снежня для кіроўцаў фураў?
Фуры
На мяжы Літвы з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расіі ўступае ў сілу абавязковая папярэдняя рэгістрацыя фур. З 1 снежня кіроўцы велікагрузаў павінныя загадзя рэгістравацца ў сістэме для перасячэння мяжы. Мяркуецца, што такая мера дапаможа скараціць велізарныя чэргі, якія сфармаваліся на беларуска-літоўскай мяжы, піша мясцовае выданне LRT.
Фуры змогуць прыязджаць у зону чакання бліжэй да забраніраванага часу і не мучацца ад доўгага чакання ў фізічнай чарзе без камфортных бытавых умоваў. Калі грузавікі прыбываюць у зону чакання без папярэдняга запісу, іх можна зарэгістраваць на бліжэйшы вольны час.
Каб трапіць у электронную чаргу, трэба заплаціць рэгістрацыйны збор. За кошт гэтых збораў плануецца выручыць 176 тыс. еўра. Але на абслугоўванне і рэгуляванне чэргаў сыдзе амаль 490 тысяч.
"Папярэдняя рэгістрацыя ўсёй грузавой тэхнікі ў электроннай чарзе — важная мера для павышэння агульнага ўзроўню бяспекі на мяжы з Беларуссю і Расіяй. І для таго, каб на нашых памежных пунктах больш не ўтвараліся кіламетровыя чэргі з прычэпаў", — тлумачаць у Міністэрстве транспарту і камунікацый Літвы.
Паводле звестак ведамства, самыя доўгія чэргі ўтвараюцца на мяжы з Беларуссю ў снежні і красавіку — перад Калядамі і Вялікаднем. Максімальная чарга расцягвалася на 23 кіламетры, у ёй стаялі 900 фур.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.