Чым Расіі плаціць Паўночнай Карэі за боепрыпасы? — #ІхНоравы
Кароткі агляд сусветных навін
Стала вядома, каго палякі хочуць бачыць новым прэм’ерам. А таксама — што КНДР чакае ад Расіі ў якасці аплаты за зброю. Пра гэта і не толькі ў нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
Палякі хочуць бачыць прэм’ерам Дональда Туска
Праз два тыдні пасля парламенцкіх выбараў дагэтуль невядома, каму прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда даручыць фармаванне новага ўрада. На мінулым тыдні ён заявіў, што ёсць два галоўныя кандыдаты на пасаду прэм'ер-міністра. Гэта Матэвуш Маравецкі (быў прэм'ер-міністрам Польшчы з 2017 і па цяперашні час) і Дональд Туск, прэм'ер-міністр Польшчы з 2007 па 2014 год.
Як сведчыць апытанне United Surveys, 40,4% рэспандэнтаў лічаць, што прэзідэнт павінен даверыць Дональду Туску місію фармавання ўрада. Матэвуша Маравецкага назвалі 30,2%. Астатнія жадаюць бачыць іншага кандыдата ці не вызначыліся.
Матэвуш Маравецкі карыстаецца моцнай падтрымкай сярод свайго электарату. Каля 80% выбаршчыкаў "Права і справядлівасць" лічаць, што прэзідэнт павінен даверыць яму місію фармавання ўрада. Толькі 5% з іх называюць Туска.
Сярод апазіцыйных выбаршчыкаў 64% выбіраюць Дональда Туска, але 21% лічаць, што прэзідэнт мусіць абраць іншага кандыдата.
15 кастрычніка ў Польшчы прайшлі выбары ў Сейм. На выбарах было абрана 460 дэпутатаў. Больш за 100 дэпутатаў былі абраныя ўпершыню.
Шпіёнскі спадарожнік у якасці аплаты
Паўночная Карэя ўзмацняе ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй, і актывізавала пастаўкі боепрыпасаў, якія Расія выкарыстоўвае ў вайне ва Украіне. Як піша Reuters са спасылкай на ўпраўленне разведкі Паўднёвай Карэі, у абмен на гэта Расія дапамагае КНДР ажыццявіць запуск шпіёнскага спадарожніка.
Па дадзеных разведкі, Паўночная Карэя адправіла ў Расію больш за 10 партый боепрыпасаў для выкарыстання ў вайне супраць Украіны, у тым ліку больш за мільён артылерыйскіх снарадаў. Пастаўкі ажыццяўляліся судамі, якія курсавалі паміж паўночнакарэйскім портам на ўсходнім узбярэжжы і расійскімі партамі, як раней паведамлялі ЗША, а таксама па паветры з Паўночнай Карэі.
У той жа час, Паўночная Карэя знаходзіцца на завяршальнай стадыі падрыхтоўкі да запуску шпіёнскага спадарожніка, і шанцы на поспех яе трэцяй спробы высокія, у тым ліку дзякуючы магчымай дапамозе Расіі.
"Паўночная Карэя па-ранейшаму адчувае недахоп фінансавых рэсурсаў і тэхнічных ведаў у сваёй спадарожнікавай праграме і, здаецца, яшчэ не асвоіла тэхналогію ўваходу ў атмасферу боегаловак міжкантынентальных балістычных ракет", — гаворыцца ў паведамленні.
Дзве папярэднія спробы КНДР запусціць свой першы разведвальны спадарожнік сёлета скончыліся няўдачай, паколькі ступені ракет-носьбітаў выйшлі са строю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.