Чыноўніца: У нас заробак трошкі меншы, чым сярэдні па краіне

Падчас нядаўніх кадравых перастановак кіраўнік дзяржавы кажа пра тое, што заробкі чыноўнікам трэба павышаць, але не выпячваць.

“У нас няпростая сітуацыя і з аплатай працы дзяржаўных служачых, перш за ўсё чыноўнікаў. Ніколі яшчэ мы не правальваліся і не адставалі ад сярэднямесячных заробкаў у прамысловасці і ніколі не было такой прапорцыі да сярэдняга заробку па краіне. Мы сур’ёзна адстаем. Але вы разумееце, калі ў гэты час мы пачнём выпячваць заробкі дзяржслужачых, мы атрымаем рэакцыю народа”, — кажа Лукашэнка. Ён лічыць, што заробкі дзяржслужачых павышаць трэба, але за кошт аптымізацыі кадраў,  мінімізацыі тых функцый, якія дзяржапарат павінен ажыццяўляць.

Пра заробкі чыноўнікам і іх павышэнне Лукашэнка кажа і ў 2014 годзе, і ў 2013, і падчас прэс-канферэнцыі для журналістаў 29 студзеня.

“Чыноўнікаў скароцяць, а астатнім павысяць заработную плату” — было лозунгам падчас аптымізацыі кадраў 2013 года. Тады планавалася вызваліць 13 тысяч месцаў у дзяржорганах і сэканоміць на гэтым трыльён рублёў.

Як змяніліся заробкі ў чыноўнікаў за год пасля апошняга скарачэння, цікавімся ў Гродзенскім аблвыканкаме.

“Трошкі паднялі заробкі, — пагаджаецца чыноўніца і нават прыводзіць лічбы. — Вось я намеснік начальніка, у мяне аклад — 3,4 мільёна, дзяўчаты-спецыялісты, у якіх стаж ёсць і таму ёсць надбаўкі, — гэта каля 5 мільёнаў, у начальнікаў заробкі, натуральна, вышэйшыя — каля 8 мільёнаў.  Калі толькі прыйшоў чалавек без стажу, без класа — тады 2,8 мільёна будзе. У нас вельмі лёгка адсачыць заробкі — у нас як па краіне сярэдні заробак, калі ён, да прыкладу, 5,5 мільёна, то ў нас трошкі меней”.

Заробак у 5,5 мільёнаў быццам бы не благі для Гродна. На сайце Мінпрацы па гэтым рэгіёне заробкі акурат такія і прапаноўваюць, да прыкладу, доктару-анколагу, медсястры і інжынеру.

Спрабуем уладкавацца на працу ў Гроднааблвыканкам. Але і тут няўдача

— вакансій няма.

“Вы ж чулі, што прэзідэнт сказаў — аптымізаваць дзяржкадры. А аптымізацыя — гэта што? Гэта скарачэнне! Таму будуць яшчэ скарачэнні”, — нявесела кажуць у аблвыканкаме. Тут чакаюць яшчэ адной хвалі “чысткі”. У канцы размовы чыноўніца раіць не ісці ў дзяржорганы — ільгот няма, працаваць трэба шмат.

Спрабуем уладкавацца на працу ў Міністэрства ЖКГ — тут акурат ёсць вакансія галоўнага эканаміста аддзела эканамічнага аналізу і планіравання Упраўлення эканомікі. У аддзеле кадраў палохаюць адсутнасцю ільгот.

“Жылля няма! — гэта амаль першае, што я чую ў аддзеле кадраў. — Заробак каля 5 мільёнаў! Але спачатку заробак і меншы будзе, у вас жа няма класа дзяржслужбы? Ну тады экзамен трэба здаць, і спачатку папрацуйце ў гарвыканкаме!”

Лёгка прапаноўваюць вакансію памочніка міністра і ў Міністэрстве лясной гаспадаркі, і ў Мінэнерга, і ў Міністэрстве культуры, і ў Белстаце. Пра заробкі паўсюль кажуць хітра: у раёне 5-6 мільёнаў у пачатку службы, але абяцаюць рост, як толькі пачне налічвацца стаж дзяржслужбы.

5-6 мільёнаў — заробак не благі для нашай краіны, улічваючы, што такія ж грошы, ці нават меншыя, атрымлівае большасць беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі