Чыноўнікі ў РБ павінны ўзгадняць усе паездкі за мяжу — зацверджаны парадак
У аэрапорце
Урад Беларусі асобнай пастановай зацвердзіў парадак узгаднення выезду чыноўнікаў за мяжу, гаворка ідзе пра прыватныя паездкі. Дакумент быў падпісаны 17 лістапада і сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
У пастанове гаворыцца, што для ўзгаднення выезду за мяжу чыноўнік павінен будзе напісаць заяву. І зрабіць гэта трэба будзе "як правіла, за 10 каляндарных дзён да даты выезду". У заяве трэба будзе пазначыць краіну або краіны, якія чыноўнік плануе наведаць, а таксама краіны, праз якія паедзе транзітам. У заяве таксама павінна быць прапісаны мэта паездкі, адрас (або адрасы) знаходжання і кантактныя дадзеныя. Узгадняць такія паездкі будуць начальнікі, якія заключалі з заяўнікам працоўны кантракт.
Асобна прапісана, што выезд дзяржслужачых і работнікаў, якія ажыццяўляюць забеспячэнне дзейнасці дзяржорганаў, якім прадастаўлены допуск да дзяржаўных сакрэтаў, узгадняюць кіраўнікі гэтых дзяржорганаў або ўпаўнаважаныя імі асобы.
У пастанове ёсць і пункт з пазнакай "для службовага карыстання". Што ў ім, невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.