Эксперт: "Калі і будзе адпраўка, то хутчэй за ўсё гэта будзе спецназ МУС"

Эксперт: "Калі і будзе адпраўка, то хутчэй за ўсё гэта будзе спецназ МУС"

Расія звярнулася да Беларусі і ўсяго СНД з пытаннем пра магчымасць накіраваць у Сірыю кантынгент для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі. Такую прапанову на “перамовах па Сірыі” у Астане агучыў кіраўнік расійскай дэлегацыі, спецпрадстаўнік РФ па Сірыі Александр Лаўрэнцеў. Ці ёсць у Беларусі міратворчы кантынгент, і ці можа ён удзельнічаць у міратворчых місіях?

У нас ёсць два міратворчыя кантынгенты: першы ― гэта міратворчая рота у межах праграмы “Партнёрства дзеля міру” (праграма ваеннага супрацоўніцтва НАТА з былымі савецкімі рэспублікамі), якая рыхтуецца па заходніх методыках, другі кантынгент існуе ў межах АДКБ, як сіла аператыўнага разгортвання, які толькі нядаўна атрымаў мандат для правядзення міратворчых аперацый ад ААН, ― распавядае вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін. ― Мяркую, што калі будзе адпраўка міратворчых сіл, то гэта будзе са складніка АДКБ, і гэта будуць толькі прафесійныя вайскоўцы, кантрактнікі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе спецназ МУС“.

Што такое “сумесны маніторынг у зоне дээскалацыі ў Сірыі“, у якім Расія прапануе ўдзельнічаць беларускім міратворцам?

Перш за ўсё, гэта падзел варожых сіл паміж сабой, па-другое, маніторынг за выкананнем дасягнутых мірных пагадненняў.

Я думаю, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе назіранне за выкананнем пагадненняў аб зонах бяспекі, ― кажа Александр Алесін. ― Дзе канфліктуючыя сілы будуць раззброеныя, у першую чаргу ― апаненты Асада, па перыметры гэтых зон будзе стаяць сірыйская армія, а ўнутры будуць кантраляваць сітуацыю міратворцы”.

Згодна з ваеннай дактрынай Беларусі, узброенныя сілы краіны існуюць для абароны яе тэрыторый і не могуць удзельнічаць у іншых канфліктах. Таму, каб ўдзельнічаць у міратворчых місіях, кожны вайсковец абавязаны пісаць на імя прэзідэнта заяву, дзе ён просіць дазволу на ўдзел у гэтай місіі. Інакш гэта будзе парушэнне Канстытуцыі.

Дагэтуль ад Беларусі ў міратворчых місіях ўдзельнічалі толькі супрацоўнікі МНС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі