Ці гатовыя беларускія донары адмовіцца ад грошай за сваю кроў?

Ці хопіць беларусам крыві, калі донарам перастануць плаціць?
Ці хопіць беларусам крыві, калі донарам перастануць плаціць?

СААЗ заклікае ўсе краіны пераходзіць да бязвыплатнага донарства. У Беларусі плануюць вырашыць праблему радыкальна: адмяніць плату за донарства натуральнай крыві.

Але ў 2019 годзе толькі кожная чацвёртая данацыя крыві ў Беларусі была бязвыплатнай. Гэта значыць, тры чвэрці донараў лічаць за лепшае атрымліваць за сваю дапамогу грошы.

Ці хопіць альтруізму беларусаў на тое, каб працягваць здаваць кроў бясплатна?

 

Хоць бы прадуктамі

Цяпер донар натуральнай крыві — гаворка ідзе пра самы просты забор крыві з вены — можа атрымаць за сваю дапамогу крыху больш за 120 рублёў. І салодкі сняданак яшчэ прыкладна на пяць рублёў: сок, печыва, мармелад, зефір, гарбата, гематаген.

Гэта не значыць, што калі закон прымуць, то да восені застанецца толькі "салодкі сняданак".

Парламентарыі заяўлялі, што для бязвыплатных донараў прадугледжана "пакрыццё расходаў, звязаных з выкананнем донарскай функцыі". Гаворка ідзе ў тым ліку пра тое, каб дапамагчы донару пакрыць "энергетычныя затраты арганізма паміж данацыямі". Гэта значыць, пра харчаванне.

Але пакуль незразумела, пра якія сумы кампенсацый на харчаванне ідзе гаворка. У парламенце нам сказалі, што гаварыць пра дэталі можна будзе толькі ўвосень, калі законапраект паступіць на разгляд да дэпутатаў.

Але парламентарыі абяцалі, што розніца паміж гэтымі кампенсацыямі і выплатай, якую донары атрымліваюць цяпер, будзе мінімальная. Гэта як бы "пераходны перыяд" на шляху да бязвыплатнага донарства.

Готовы ли белорусские доноры отказаться от денег за свою кровь?
Толькі кожны чацвёрты донар у Беларусі здае кроў бязвыплатна / Еўрарадыё

Чаму важна падтрымліваць донараў хоць бы прадуктамі?

Донар Віталь расказаў Еўрарадыё, што менавіта на правільнае харчаванне — гэта значыць менавіта "энергетычныя затраты арганізма" — часткова і ішла сума, якую пакуль яшчэ плацяць за данацыі крыві.

Сам ён часам здае кроў бясплатна. А часам — прымае за гэта ўзнагароджанне. Ён працуе ў сістэме аховы здароўя, першы раз здаў кроў у 2014 годзе. Вырашыў: раз арганізм дазваляе і вольны час таксама ёсць — "чаму не дапамагчы людзям?". Грошы за дапамогу бярэ не з прагнасці.

— Пакуль гэтыя грошы прапануюцца аддзяленнямі або станцыямі пералівання крыві, няма сэнсу ад іх адмаўляцца. У кожным разе донару для аднаўлення арганізма трэба і спецыфічнае харчаванне, і адпачынак. Так што гэтыя грошы можна выдаткаваць на прадукты.

"Спецыфічнае харчаванне" — гэта мяса, тлумачыць Віталь. Не самы танны прадукт. А пасля данацыі крыві пажадана забяспечыць яго ў рацыёне хоць бы на тыдзень.

Готовы ли белорусские доноры отказаться от денег за свою кровь?
Донары рэкамендуюць: пасля дачы крыві трэба дадаць у рацыён мяса / pixabay

Да данацыі трэба рыхтавацца. За 72 гадзіны — не ўжываць алкаголю. За 48 гадзін — не прымаць ніякіх лекаў, не лічачы вітамінаў. На працягу сутак выключыць з рацыёну шэраг прадуктаў.

Калі за донарства перастануць плаціць і сярод донараў застануцца толькі альтруісты, яны будуць падыходзіць да падрыхтоўкі больш адказна?

— Больш адказна? Думаю, наадварот. Многія людзі здаюць кроў дзеля грошай. А калі не будуць атрымліваць грошай, то і рыхтавацца да гэтай дачы крыві не будуць.

Сам я за гэтымі грашыма не ганюся, буду працягваць здаваць кроў і бязвыплатна, — кажа Віталь.

 

Чаму людзі здаюць кроў бязвыплатна?

Ёсць і іншае меркаванне — маўляў, па-сапраўднаму разлічваць можна толькі на бязвыплатных донараў.

На сайце БХМД пішуць: калі донарства становіцца крыніцай прыбытку, узрастае рызыка забору інфікаванай крыві. Людзі могуць хаваць свой стан здароўя дзеля заробку, і, хоць пасля такая кроў выяўляецца і не даходзіць да пацыента, час і інструменты расходуюцца на такіх нядобрасумленных донараў.

Мы пагаварылі з ганаровым донарам Алегам Львовічам, які ніколі не браў грошай за сваю дапамогу. За сваё жыццё ён бязвыплатна здаў каля 17,5 літра крыві.

Готовы ли белорусские доноры отказаться от денег за свою кровь?
Пасля прыняцця закона стаць ганаровым донарам зможа толькі той, хто здае кроў бязвыплатна / Еўрарадыё

— У нас у інстытуце многія здавалі кроў. Мой шэф быў донарам, ён мне ўпершыню і прапанаваў паўдзельнічаць у гэтым працэсе. Сказаў: "Алег, гэта карысная працэдура, кроў амалоджваецца". Супрацьпаказанняў у мяне не было, і я пагадзіўся.

Раз на год да нас у інстытут прыязджалі супрацоўнікі Інстытута пералівання крыві. Донарам у той дзень давалі бясплатны абед, яшчэ адна невялікая льгота — дадатковы дзень адпачынку. І я здаваў кроў да самай пенсіі, адчуваў, што гэтая працэдура была карысная і для мяне самога.

Алег Львовіч кажа, што ў савецкі час многія яго калегі бязвыплатна здавалі кроў. Ці можна было адчуць да сябе асаблівае стаўленне?

— Ніхто гэтым не выхваляўся. Але так, было пачуццё, што прыношу нейкую карысць. Што дзесьці кагосьці мая кроў, магчыма, выратавала.

Алег Львовіч хоць і здаваў усё жыццё кроў бясплатна, лічыць, што няма нічога дрэннага і ў тым, каб матываваць людзей матэрыяльна. І ў савецкі час, успамінае ён, былі донары, якія ездзілі ў Інстытут пералівання крыві, каб здаць кроў і атрымаць грошы.

— Калі хтосьці хоча проста паправіць сваё фінансавае становішча такім чынам, можа, нічога дрэннага ў гэтым і няма.

За кампаненты крыві працягнуць плаціць

Добра, калі ёсць кадравыя донары. Тыя, хто здае кроў не выпадкова, не адзін раз у жыцці. На такіх донараў можна спадзявацца. Хутчэй за ўсё, яны не будуць парушаць дыету, не будуць прымаць лекі або ўжываць алкаголь перад данацыяй.

Такіх кадравых донараў з часам пераводзяць на здачу кампанентаў крыві. Гэта больш працяглая працэдура. Калі вы здаяце плазму, то патраціце на гэта 1 гадзіну 40 хвілін. З іх непасрэдна працэдура забору плазмы зойме сорак хвілін.

Для донараў кампанентаў крыві магчымасць атрымаць грашовае ўзнагароджанне плануюць захаваць. Яны таксама змогуць атрымліваць бясплатнае харчаванне перад данацыяй і пасля яе і вызваленне ад працы ў дзень здачы крыві.

 

Якія льготы для донараў захаваюцца

Акрамя дапамогі ў "папаўненні энергетычных затрат", донарам будуць кампенсаваць зарплату за прапушчаныя працоўныя дні. Колькі дзён? Пакуль незразумела. Парламентарыі гавораць толькі пра прызначэнне "дапамогі па часовай непрацаздольнасці з першага дня страты працаздольнасці".

Готовы ли белорусские доноры отказаться от денег за свою кровь?
Затраты на харчаванне донарам абяцаюць кампенсаваць, але пакуль незразумела як / Еўрарадыё

А яшчэ цяпер толькі бязвыплатных донараў будуць узнагароджваць нагрудным знакам выдатнасці Мінздароўя — "Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь". Каб атрымаць гэта званне, трэба бязвыплатна здаць кроў больш за дваццаць разоў. Раней такі знак маглі атрымаць і платныя донары — проста трэба было ўдвая больш данацый.

Гэтая ўзнагарода актывуе дадатковыя бонусы:

— пенсію падвысяць на 40% ад мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце;

— на платныя медпаслугі ў дзяржаўных клініках дадуць зніжку ў памеры 25%;

— на працягу года можна будзе ўзяць два тыдні адпачынку за свой кошт;

— штогод ганаровым донарам будуць выплачваць тры базавыя велічыні.

 

Дзе альтруізм перамог?

Сярод суседзяў беларусаў ёсць адна краіна, у якой бязвыплатнае донарства перамагло. І гэта Малдова. Там сто адсоткаў сабранай крыві — гэта бязвыплатныя данацыі. У 1990-я гады ў асноўным гэта была кроў сваякоў пацыентаў. Кроў валанцёраў складала толькі 1% ад усіх данацый.

Сёння там 85% крыві здаюць валанцёры, сваякі — толькі 15%.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра пералівання крыві Святлана Чабатар тлумачыла: каб дамагчыся такога выніку, праца вялася дзесяць гадоў. Інфармацыя пра важнасць бязвыплатнага донарства крыві была практычна ўсюды.

Беларусам пра донарства расказвае "Чырвоны Крыж". Там працуюць у тым ліку з "негатыўнымі ўстаноўкамі".

Часцей за ўсё гэтыя негатыўныя ўстаноўкі звязаныя з двума пытаннямі: "А ці не шкодна гэта для мяне?" і "А ці не шкодная мая кроў для іншага?".

А летась з'явілася і новая "негатыўная ўстаноўка". У "Чырвоным Крыжы" расказалі, што праз пандэмію донары сталі радзей прыходзіць на станцыі пералівання і ў РНПЦ трансфузіялогіі.

Готовы ли белорусские доноры отказаться от денег за свою кровь?
За здачу крыві цяпер можна атрымаць больш за сто рублёў / Еўрарадыё

— Мы расказваем, што донарства — гэта не страшна. Перад данацыяй донар абавязкова праходзіць медагляд, здае аналіз крыві. Абавязкова правяраецца ўзровень гемаглабіну, каб высветліць, ці не стане чалавеку дрэнна пасля данацыі.

Расказваем і пра тое, што кроў пасля забору правяраецца. "Дрэнную" кроў нікому пераліваць не будуць.

Раней СААЗ ставіла сабе мэту: дамагчыся, каб да 2020 года ўсе краіны еўрапейскага рэгіёна стаадсоткава папаўнялі запасы донарскай крыві за кошт добраахвотнага бязвыплатнага донарства.

Але ці можна гэтага дасягнуць, калі проста перастаць плаціць донарам? Як відаць, даведаемся ўжо хутка: парламент плануе разгледзець новы законапраект гэтай восенню.

А пакуль зафіксуем: цяпер у краіне кроў здалі 200 тысяч разоў. Пасля прыняцця закона зробім новыя падлікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі