Ці могуць следам за Бяляцкім выйсці на волю астатнія палітвязні?

Сваю першую прэс-канферэнцыю пасля вызвалення з калоніі кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі праводзіць у панядзелак, 23 чэрвеня, праз дзень пасля вызвалення. Сустрэчу пачынае сімвалічна.

Алесь Бяляцкі: “У мяне ёсць адмысловая майка са спісам палітычных зняволеных — іх там восем асобаў. Ёсць там і маё прозвішча. Гэта Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, Васіль Парфянкоў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Эдуард Лобаў і апошняе прозвішча, Алеся Бяляцкага, я зараз выкраслю — такім чынам у Беларусі стала на аднаго палітзняволенага меней”.

Бяляцкі выйшаў на волю ў першы ж дзень дзеяння сёлетняй амністыі. Праваабаронца прызнаецца, што для яго, як і для ўсіх, гэта стала вялікай нечаканасцю.

Алесь Бяляцкі: “Згодна з сёлетняй амністыяй, калі за табой няма нейкіх іншых вялікіх праблемаў, то па не адбытай частцы тэрміна, па маім артыкуле, людзі вызваляліся. Але я быў “злосным парушальнікам” і паводле той жа самай амністыі пад яе не трапляў. І таму, аналізуючы гэтую сітуацыю яшчэ перад абвяшчэннем амністыі, для сябе я не бачыў, чаму мяне павінныя выпусціць. Яны павінныя былі вырашыць праблему са злоснымі парушэннямі”.

Як адміністрацыя калоніі вырашыла “праблему парушэнняў Бяляцкага”, праваабаронца не ведае, яму нічога не тлумачылі.

Алесь Бяляцкі: “Фармальна, яны (парушэнні — Еўрарадыё) павінныя быць пагашаныя, бо інакш вызвалення не адбылося б. І натуральна, што на ўзроўні калоніі ніхто нічога мне патлумачыць не мог і нічога канкрэтнага сказаць не мог, бо гэта рашэнне не адміністрацыі калоніі. Фармальна павінныя вырашаць яны, але натуральна, што ў дадзеным выпадку вырашалі ўсё не яны”.

Тым не менш, адпаведныя рашэнні былі прынятыя, і на аднаго палітвязня ў краіне стала менш. Ці ёсць фармальныя падставы для таго, каб і астатнія 7 палітычных выйшлі на волю? Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, у астатніх шансаў яшчэ менш, чым было ў Алеся Бяляцкага.

Валянцін Стэфановіч:У Алеся сітуацыя была з юрыдычнага, тэхнічнага пункту гледжання самая простая — дастаткова зняць з яго спагнанні. Артыкул Алеся быў указаны ў Законе “Аб амністыі”. З астатнімі складана, бо там артыкулы цяжкія, і яны пад амністыю не трапляюць”.

Тым не менш, суразмоўца Еўрарадыё прыгадвае “практыку 2008—2009 гадоў”, калі людзі выходзілі з-за кратаў праз Указ “Аб памілаванні” нават без напісання адпаведнага прашэння. Галоўнае, каб на такі крок было жаданне ўладаў, дадае кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.

Алег Гулак: “Палітзняволеныя — гэта ўвогуле справа надзвычайная, пазаправавая. І таму як людзі сядалі, так могуць і выйсці. Галоўнае — было б жаданне”.

Да беларускіх калег далучаецца кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Саша Кулаева.

Саша Кулаева: “Вызваленне на той падставе, на якой быў вызвалены Алесь, магло адбыцца і летась, і пазалетась. Але тады амністыя да яго не прымянялася праз злосныя парушэнні рэжыму. Але яна абсалютна спакойна была прымененая цяпер. Гэта паказвае, што ўсё залежыць ад палітычнай волі. І калі палітычная воля вызваліць астатніх палітвязняў з’явіцца, то яны будуць вызваленыя, нягледзячы на тое, якія ў іх артыкулы, парушэнні і ў якіх умовах утрымання яны знаходзіліся”.

Праўда, прызнаюць праваабаронцы, сярод семярых палітвязняў, якія яшчэ застаюцца за кратамі, ёсць чалавек, у дачыненні да якога палітычная воля ва ўладаў павінная быць вельмі моцнай.

Валянцін Стэфановіч: Бачна, што гэтае пытанне вельмі прынцыповае для Лукашэнкі — што тычыцца Міколы Статкевіча...”

Стэфановіч прыгадвае гісторыю з вызваленнем Аляксандра Казуліна, пытанне якога было “не менш прынцыповым для Лукашэнкі”. Тым не менш, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года быў памілаваны без прашэння. Толькі так могуць быць вызваленыя астатнія палітвязні і сёння, бо нават фармальна яны пад сёлетнюю амністыю не трапляюць, падводзяць вынік праваабаронцы.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі