Ці сапраўды сыдзе Блатэр і хто стане наступным прэзідэнтам FIFA?

У аўторак прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі футбола (FIFA) Ёзэф Блатэр заявіў, што сыходзіць у адстаўку. Паводле яго словаў, арганізацыі патрэбная рэструктурызацыя, а яго падтрымлівае толькі частка чальцоў і клубаў.

“Я буду склікаць надзвычайны кангрэс, каб заявіць пра складанне сваіх паўнамоцтваў у самы кароткі тэрмін. Гэта адбудзецца пасля таго, як будзе абраны новы прэзідэнт. Да гэтага часу я буду выконваць свае функцыі”, — заявіў Блатэр.

Як перадае ABC News, ФБР і пракуроры ЗША вывучаюць яго дзейнасць у сувязі з карупцыйным скандалам, які нядаўна адбыўся. У любы момант яго можа выклікаць на допыт, і пракуратура Швейцарыі і заява пра адстаўку не ўплывае на гэта.

У ФБР не каментуюць чуткі пра магчымую датычнасць Блатэра да карупцыйнага скандалу, бо афіцыйна супраць яго абвінавачванняў не вылучана і расследаванне не вядзецца.

“Цяпер людзі спрабуюць выратаваць сябе, магчыма, ідзе спаборніцтва ў тым, хто першым зробіць (на Блатэра) данос”, — патлумачыла крыніца ў ФБР ABC News.

Мішэль Плаціні

Кіраўнік Еўрапейскай футбольнай федэрацыі Мішэль Плаціні, былая зорка сусветнага футбола і адзін з фаварытаў у барацьбе за месца пераемніка Блатэра ў FIFA, заявіў: “Гэтае рашэнне было цяжкім, адважным і правільным”.

Іншы патэнцыйны кандыдат, іарданскі прынц Алі бін аль-Хусейн, які падчас выбараў прэзідэнта FIFA на мінулым тыдні атрымаў 73 галасы (за Блатэра аддалі 133), не стаў казаць, ці будзе балатавацца зноў.

Азіяцкая футбольная канфедэрацыя, верны саюзнік Блатэра, заявіла ў сераду, што вывучае сітуацыю, і яе ўдзельнікі абмяркуюць “найлепшы для FIFA і футбольнага свету шлях”, перадае Reuters.

Прынц Алі бін аль-Хусейн

Кіраўнік рэвізійнай камісіі FIFA Даменіка Скала, выступаючы пасля Блатэра, паведаміў, што новыя выбары прэзідэнта ФІФА мусяць прайсці да сакавіка наступнага года.

Блатэр ужо аб’явіў, што будзе працягваць дзейнасць у федэрацыі і працягне яе рэструктурызацыю:

“Памер выканаўчага камітэта мусіць быць скарочаны, а яго ўдзельнікі павінныя абірацца на кангрэсе FIFA. Праверкі ўсіх чальцоў выканаўчага камітэта на іх сумленнасць і прыстойнасць павінныя быць арганізаваныя цэнтралізавана праз FIFA, а не праз канфедэрацыі”, — заявіў чыноўнік.

Ён таксама адзначыў, што будзе змагацца за тое, каб зменшыць тэрмін знаходжання функцыянераў на пасадах у федэрацыі.

Разам з тым, на сайце Інтэрпола 3 чэрвеня з’явілася аб’ява пра тое, што ў міжнародным вышуку цяпер знаходзяцца 6 чалавек у межах расследавання справы аб карупцыі і вымагальніцтве ў FIFA. Сярод іх былы віцэ-прэзідэнт федэрацыі Джэк Уорнер, экс-прэзідэнт Канфедэрацыі паўднёваамерыканскага футбола Нікалас Леос, а таксама менеджары Алехандра Бурсака і браты Уга і Марыяна Джынкіс. Іх абвінавачваюць у атрыманні і дачы хабараў, вымагальніцтве, махлярстве і адмыванні грошай.

Ёзэф Блатэр узначальваў FIFA з 1998 года. 29 траўня ён быў пераабраны на пяты тэрмін.

Фота: reuters.com, rexfeatures.com, pressassociation.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі