Ці сапраўды вырастуць кошты да канца года? Могуць паўплываць “чорныя лебедзі”

Кошты, імаверна, хутка вырастуць / pixabay.com
Кошты, імаверна, хутка вырастуць / pixabay.com

У Беларусі запаволіўся рост коштаў і зменшылася інфляцыя. Так, прынамсі, рапартуюць улады. Гучыць нібыта аптымістычна, але варта памятаць, што ў нашай краіне эканоміка працуе на загад.

На тое, каб адмяніць інфляцыю, па камандзе Лукашэнкі працуюць урад, парламент, Камітэт дзяржкантролю, прафсаюзы і нават сілавікі. Дзеля статыстыкі гэта нібыта спрацоўвае. Але беларусы зазіраюць у свае гаманцы і адзначаюць, што багацейшымі яны пры гэтым не сталі.

То параўнаем кошты за травень 2022 і травень 2023 на звычайныя прадукты, па якія мы можам заскочыць у краму пасля працы.

Чорны хлеб быў 2,73 руб., стаў 4,19 руб. Малако куплялі за 1,73 руб., цяпер — 1,89.

Яйкі прадаваліся па 2,85 руб., сталі па 3,21 руб.

Ну, вось кошты на грэчку атрымалася стрымаць. Была па 5,61 руб., а ўжо па 3,54 за кілаграм. І раслінны алей (не аліўкавы) таксама патаннеў. Літр каштаваў 6,18, а цяпер — роўна на рубель менш. Яшчэ — яблыкі і бульба. Яблыкі прадаваліся па 4,03 руб., а сёлета – 3,68 руб. І на бульбе можна зэканоміць: была па 1,74 руб., стала па 1,16.

Курыца была па 4,86 руб. за кг, а цяпер — па 5,90. Цукар — і той пару капеек прыбавіў. Быў 2,55 руб., цяпер — 2,59 руб. Таксама і глазураваныя сыркі: год таму каштавалі 0,99 руб., а цяпер — 1,02 руб.

Як людзі кажуць, тое на тое і выходзіць: штосьці сапраўды патаннела, штосьці — падаражэла.

Эканаміст Уладзімір Кавалкін тлумачыць Еўрарадыё, што зніжэнне коштаў перадусім абумоўленае законамі матэматыкі.

— Кошты 2023-га параўноўваюцца з коштамі ў пачатку мінулага года, калі яны на фоне ваенна-палітычнага супрацьстаяння ва Украіне рэзка пайшлі ўверх. А калі параўнаць кошты гэтага года і рэзка падаражэлыя прадукты ў пачатку мінулага года, то прырост год ад года аказваецца не такім ужо і вялікім, — кажа Уладзімір Кавалкін.

Другі важны чыннік — моцны адміністрацыйны кантроль за коштамі. Гэта чысты папулізм, упэўнены эканаміст.

— Дзяржава на словах нават забараніла коштам расці! Доўгатэрміновага эканамічнага сэнсу ў гэтым было мала, бо кошты ў любым выпадку знойдуць шляхі абыходу для росту. Праблема такога падыходу заключаецца ў тым, што калі аднойчы моцна закруціш кошты, каб падтрымліваць такую сітуацыю, за імі трэба і далей глядзець увесь час. Акрамя таго, чым даўжэй рэгулююцца кошты, тым мацней яны вырастуць (і цалкам магчыма, бескантрольна) пасля паслаблення коштавага кантролю, — папярэджвае эксперт.

Ну, і яшчэ варта звярнуць увагу на тое, як змяняюцца кошты ў залежнасці ад сезона. У нас нават зафіксаваная дэфляцыя. Гэта калі агуркі ў траўні каштавалі менш, чым у красавіку. Дык гэта і лагічна: чым бліжэй да лета, тым таннейшая гародніна.

"Загадаць цэнам стаяць ужо будзе недастаткова"

Што ж нас чакае далей? Міжнародны валютны фонд і Еўразійскі банк развіцця прагназуюць, што да канца года інфляцыя павялічыцца да 7,8%. Гэта суадносіцца з чаканнямі Нацбанка Беларусі — яны закладаюць 7-8%. 

— У кароткатэрміновай перспектыве на цэнавую сітуацыю ў Беларусі будуць уплываць такія фактары, як зніжэнне эфекту цэнавага рэгулявання, згасанне эфекту сезоннасці і нізкай базы мінулага года. Усё гэта будзе штурхаць кошты ўверх, але павольна, да значэнняў мэтавых параметраў 7-8% у канцы года. І тут важна, што дасягненне такіх велічынь — гэта найлепшы з магчымых сцэнарыяў, — дзеліцца аптымістычным прагнозам Кавалкін.

Але на эканамічную сітуацыю могуць паўплываць і негатыўныя фактары. Напрыклад, мытныя бар’еры, рост курсаў валют і імпарту, увядзенне новых санкцыйных абмежаванняў або пашырэнне дзейных санкцый. Гэта так званыя “чорныя лебедзі”, якія могуць істотна паўплываць на кошты і тэмпы інфляцыі.

— Пры рэалізацыі нават некаторых з іх кошты з вялікай доляй імавернасці будуць расці нашмат хутчэй. Для дзяржорганаў, якія кантралююць і рэгулююць сферу коштаўтварэння, найгоршым у такой сітуацыі з'яўляецца тая акалічнасць, што большасць з негатыўных фактараў знаходзяцца па-за зонай кантролю з беларускага боку. А ў выпадку рэалізацыі некаторых з негатыўных фактараў адначасова цалкам можа аказацца, што зноў загадаць цэнам стаяць ужо будзе недастаткова, — заўважае эканаміст Уладзімір Кавалкін.

У далейшай перспектыве эксперт чакае павышэння коштаў і высокіх тэмпаў інфляцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі