Ці вартая сваіх грошай? Выйшлі першыя агляды на гульню Hogwarts Legacy
Hogwarts Legacy / Avalanche Software/Warner Bros. Games
Сусвету Гары Потэра першапачаткова не вельмі пашанцавала з гульнямі. Кнігі і фільмы карысталіся вялікім поспехам, але гульнявая лінейка юнака-чараўніка атрымлівала ў цэлым негатыўныя водгукі і ад гульцоў, і ад крытыкаў. Праз два дзесяцігоддзі ў фанатаў чароўнага свету з'явілася надзея — новая гульня Hogwarts Legacy ("Спадчына Хогвартса"), прэм'ера якой пройдзе 10 лютага.
Але ці вартая яна чаканняў і сваіх грошай? Ужо выйшлі першыя агляды на праект.
Няўжо атрымалася?
Эмбарга на публікацыю аглядаў было знятае 6 лютага. Да гэтага многія перажывалі: раптам Hogwarts Legacy стане чарговым высокабюджэтным правалам, тым больш, што яе распрацоўшчык раней не займаўся AAA-гульнямі.
Але, мяркуючы па першых аглядах крытыкаў, "хаваць" новую франшызу заўчасна.
Так, аглядальнік XGN паставіў гульні 90 балаў са 100 магчымых. "Прыгожы свет напоўнены драбнюткімі дэталямі і вялікай колькасцю кантэнту. Баявая сістэма таксама на дзіва глыбокая, а галаваломкі ламаюць ваш мозг, але пры гэтым ніколі не расчароўваюць", — пішуць у аглядзе.
Eurogamer Germany паставіў гульні 8 балаў з 10. "Нягледзячы на тое, што яе свет не зусім дасканалы, Hogwarts Legacy рэалістычная на многіх узроўнях і здзіўляе вынаходлівасцю і любоўю да дэталяў", — напісана ў рэцэнзіі на гульню.
Праект PCGamesN паставіў гульні сем балаў, растлумачыўшы гэта тым, што сама Hogwarts Legacy зробленая дыхтоўна, але "нічога новага не прыўнесла ў жанр ролевых гульняў".
У сярэднім, калі глядзець па дадзеных Opencritic, сярэдняя адзнака гульні — 85 са 100 на аснове чатырох дзясяткаў рэцэнзій. Некаторыя, напрыклад, GamingTrend, пішуць, што праект заслугоўвае быць прэтэндэнтам на званне лепшай гульні года. Ёсць і больш скептычныя рэцэнзенты, але нават яны не лічаць Hogwarts Legacy правальнай.
Пра што гульня
У Hogwarts Legacy дзеянне адбываецца не тады, калі развіваецца гісторыя Гары Потэра. Усё адбываецца ў той жа школе вядзьмарства і чарадзейства Хогвартс, але ў XIX стагоддзі. Вядома, менавіта наш персанаж будзе вельмі важны для разгадкі таямніцы, якая "пагражае знішчыць чароўны свет".
Гулец можа выбіраць сабе персанажа, вучыцца розным замовам і прыёмам і даследаваць адкрыты свет. Крытыкі пішуць, што рашэнне перанесці дзеянне гульні ў пазамінулае стагоддзе з'яўляецца выйгрышным, бо тады мы не прывязаныя да сюжэту пра Гары Потэра, а сам праект можа стаць цікавым і для тых, хто не лічыць сябе фанатам твораў Джоан Роўлінг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.