“Ці вернемся — жыццё пакажа”: як беларусы едуць у Егіпет адпачываць (фота)

“Ці вернемся — жыццё пакажа”: як беларусы едуць у Егіпет адпачываць (фота)

Еўрарадыё паразмаўляла з пасажырамі рэйса Мінск — Шарм-эль-Шэйх ля стойкі рэгістрацыі ў аэрапорце.

Пачатак сёмай гадзіны раніцы. Заходжу ў залу вылетаў Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”, гучыць абвестка дыктара, якую цяпер не пачуеш ні ў адным з расійскіх аэрапортаў:

“Увага. Ля стоек нумар 39,41 і 43 працягваецца рэгістрацыя на рэйс 8215 накірункам у Шарм-эль-Шэйх. Пасажыраў запрашаем своечасова прайсці рэгістрацыю”.

Шукаю згаданыя стойкі — цікава паглядзець на адважных суайчыннікаў, якія не адмовіліся ад экстрэмальнай паездкі на курорты Егіпта (хто б мог падумаць, што яны стануць экстрэмальнымі). Ля стоек нечакана бачу сапраўдны натоўп. Лічу па галовах — чалавек 120.

“Ці вернемся — жыццё пакажа”: як беларусы едуць у Егіпет адпачываць (фота)

Некаторыя з дзецьмі — бачна, што сем’ямі едуць. Падыходжу да групы дзяўчат, прадстаўляюся. Пытаюся, ці не страшна перад палётам:

— Не страшна вам ляцець? Чулі пра апошнія падзеі?

— Не, не страшна.

— А вы ў курсе таго, што Міністэрства замежных справаў раіць турыстам адмовіцца ад паездак у Егіпет?

— Ведаем.

— І не адмовіліся нягледзячы на гэта?

— Ну… Мы ведаем, што там усё добра, таму і ляцім.

— Адкуль?

— Па вопыце папярэдніх гадоў.

— Даўно паездку планавалі?

— Два месяцы таму.

— А колькі пуцёўка каштавала?

— Гэта таямніца.

“Ці вернемся — жыццё пакажа”: як беларусы едуць у Егіпет адпачываць (фота)

Перад дзяўчатамі пара. Малады мужчына прадстаўляецца Віктарам. У адказах прасочваецца беларуская нацыянальная адданасць лёсу:

— Добры дзень, вы ў Шарм-эль-Шэйх?

— Так.

— Не страшна вам ляцець?

— Ну як вам сказаць… Ужо запланавалі, вось і ляцім.

— А не думалі пуцёўкі памяняць? Вось расіяне цяпер замест Егіпта ў Турцыю едуць адпачываць.

— Нам не прапаноўвалі. Толькі расіянам прапаноўваюць. А нам так — проста рэкамендуюць.

— Надоўга ляціце?

— На 11 дзён. А ці вернемся — жыццё пакажа.

“Нішто сабе”, — думаю. Іду шукаць каго весялейшага. Гэта ж рэйс у Шарм-эль-Шэйх, па расповедах бывалых, некаторыя турысты пачынаюць адпачываць ужо на этапе рэгістрацыі ў аэрапорце.

“Ці вернемся — жыццё пакажа”: як беларусы едуць у Егіпет адпачываць (фота)

Хаджу паміж змеямі чэргаў, натыкаюся на трох вясёлых мужыкоў. Ці пачалі яны ўжо святкаваць адпачынак, сказаць цяжка. Але аптымізму ў іх не адбярэш:

— Добры дзень

— Добры.

— Вы ж у Егіпет ляціце? Можна вам задаць некалькі пытанняў?

— Задавайце. Не ведаю, ці буду адказваць. А пытанні задавайце.

— Не страшна вам ляцець у Егіпет у сувязі з апошнімі падзеямі?

— А якія там былі падзеі?

— Вось, нібы расійскі самалёт тэрарысты узарвалі.

— Дык гэта ж расійскі, не беларускі.

— То бок вам не страшна?

— Не ведаю. Кожны, хто ляціць, той баіцца. Гэта ж неба.

— А пра папярэджанне Міністэрства замежных спраў Беларусі ведаеце?

— Учора “Белавіа” абвясціла, што ніякіх праблем няма.

— Зразумела.

— Увогуле, калі што, то агульная магіла!

— Не думалі памяняць паездку? Напрыклад, на Турцыю?

— На Турцыю? Такую гадасць? Не, божухна. Мы тры тыдні таму надумалі ехаць у Егіпет і паедзем.

 

“Ці вернемся — жыццё пакажа”: як беларусы едуць у Егіпет адпачываць (фота)

Калі заканчваю размаўляць з вясёлымі мужыкамі, дыктар аэрапорта нагадвае, якія прадметы і рэчывы нельга браць з сабой на борт самалёта. Пачуўшы, што сярод іх ёсць і выбухоўка, мужыкі кажуць: “Вось бачыш, нельга. Усё будзе добра”.

Згодна з інфармацыяй сайта flightradar24, рэйс 8215 даляцеў да Шарм-эль-Шэйха без праблем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі