Ціхан Золатаў “Все оттенки черного”

Той рэдкі выпадак, калі “песні альбома не падобныя адна на адну” — гэта не проста характарыстыка саміх музыкаў, а неаспрэчны факт. “Стоадсоткавым” дэбютны сольны альбом экс-бас-гітарыста Svet Boogie Band ды Divina Enema Ціхана Золатава не назавеш. Але пакідае ён абсалютна цёплыя ўражанні, што, у прынцыпе, не дзіўна для музыкі, які апроч сталых праектаў, паспеў папрацаваць сесійшчыкам у безлічы беларускіх гуртоў ды ўжо чатыры гады кіруе кавер-бэндам Gentle Beat.

Гады працы над чужымі песнямі, натуральна, адбіліся і на ўласных кампазіцыях музыкі. Аранжыроўкі, выкананне, падача матэрыялу часам нагадваюць не толькі замежных, але і нашых выканаўцаў (Сяргей Бабкін — “Лучше дождь”, J:Mopc — “Вернись, солнце”, “Оставь меня в покое” — увогуле адразу шэраг гуртоў і г.д.). Але пры гэтым альбом трымае ўласнае гучанне і абвінаваць музыкаў у плагіяце немагчыма.

Сам Ціхан неаднаразова адзначаў, што дыск па гучанні атрымаўся вельмі блізкім ды зразумелым да слухача. Сапраўды, нягледзячы на цікавыя і складаныя аранжыроўкі, яны не напружваюць, кожны інструмент, партыя, паўза — на сваім месцы, нічога не рэжа слых не выбіваецца… апроч, хіба, голасу. Варта прызнаць, што Ціхан Золатаў не Сціў Тайлер ці Эксл Роўз, часта яму не хапае вакалу і гэта акурат вельмі заўважна. Асабліва ўлічваючы, што на альбоме, нібы для параўнання, з’яўляюцца значна больш моцныя і меладычныя “бэкі”.

Загалоўны трэк “Все оттенки” — безумоўны хіт, хоць адначасова ці не самы “папсовы” нумар на альбоме. Беларускай эстрадзе вельмі не хапае такіх песень. Тэкст, гучанне, прыпеў, які настолькі ўбіваецца ў галаву, што працягвае гучаць нават падчас праслухоўвання іншых кампазіцый альбома.

Альбом “Все оттенки чёрного” не стане прарывам у беларускай музыцы, але сваю вартую пазіцыю заняць мусіць. Тым больш, радыёфармат на дыску вытрыманы бездакорна. Не бачу ніводнай прычыны, каб у хуткім часе ён цалкам не трапіў у актыўную ратацыю нашых, а можа, і не толькі нашых, радыёстанцый.

Вельмі хочацца пачуць працяг, тым больш, што матэрыялу на наступны альбом у Ціхана Золатава хапае.

Паслухаць альбом "Все оттенки чёрного”, а таксама пачытаць інтэрв'ю з Ціханам Золатавым можна тут

  • Трэк-ліст:
  • 1. Одиночество
  • 2. Все оттенки
  • 3. Вернись, солнце
  • 4. Оставь меня в покое
  • 5. Лучше дождь
  • 6. Это не ты
  • 7. Бешеный
  • 8. Птица
  • 9. Ещё выше
  • 10. Конец фильма
  •  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі