Прэзентацыя на Еўрарадыё: Ціхан Золатаў “Все оттенки чёрного” (слухаць)

Ціхан Золатаў, экс-басіст Svet Boogie Band, Divina Enema, лідар Gentle Beat, запісаў дэбютны сольны альбом “Все оттенки чёрного”. Дыск складаецца з 11 песень, напісаных за больш чым 10 гадоў абсалютна рознафарматнай музычнай дзейнасці. У інтэрв’ю Еўрарадыё музыка тлумачыць назву альбома, распавядае пра ўласнае стаўленне да творчасці калектываў, у якіх граў раней, разважае пра хвалю кавер-бэндаў у Беларусі ды запрашае на прэзентацыю кружэлкі 29 траўня.

Еўрарадыё: Альбом рыхтаваўся ўжо вельмі даўно! Чаму ж ён толькі цяпер выдаецца?

Ціхан Золатаў: Насамрэч, на альбоме сабраныя песні, якія былі напісаныя за апошнія больш чым 10 гадоў, яшчэ нават ў перыяд, калі існавала Divina Enema. Але я ніколі сур’ёзна не ставіўся да гэтых песень і не збіраўся выдаваць іх у выглядзе альбома. Да таго ж, былі розныя праекты, гурты… Але пасля праекта Svet Boogie Band адбыўся такі пераварот у маім жыцці, пасля якога я вырашыў, што апроч бас-гітары я навучуся спяваць і падыму свой матэрыял. Сустрэўся з гітарыстам Аляксандрам Калейнікам, з якім мы працавалі ў Divina Enema, ён неяк з радасцю падтрымаў маю ідэю і мы разам узяліся за аранжыраванне. У выніку, мне падаецца, атрымаўся вельмі цікавы прадукт.

Еўрарадыё: А ці змянілася нейкае самаадчуванне на сцэне, пасля змены “ценевай” пазіцыі бас-гітарыста на сцэне на ролю фронтмэна? Як увогуле праходзіў гэты пераход?

Ціхан Золатаў: Калі шчыра, то некаторую заціснутасць на сцэне я адчуваю дагэтуль. Апошнія чатыры гады я кіраваў кавер-бэндам, дзе граў на басе, спяваў і акурат праходзіў увесь гэты працэс станаўлення лідарства на сцэне. Чатыры гады таму я баяўся апынуцца на сярэдзіне сцэны і сказаць усім: “Прывітанне!”. А цяпер ужо абсалютна спакойна магу, хоць дагэтуль хвалююся перад кожным канцэртам. У мяне ўнутры няма такога, ведаеце, тамады, які вядзе ўсіх за сабой! Але мне падаецца, што гэта мне і не патрэбна. Крыху не той характар я спрабую несці, мае песні нельга назваць забаўляльнымі.

Еўрарадыё: А якія яны?

Ціхан Золатаў: Калі браць гэты альбом, то… Справа ў тым, што першапачаткова матэрыялу ў мяне хапала альбомы на два. Але для пачатку мы вырашылі ўзяць толькі частку з яго, зрабілі, запісалі і называцца яна будзе “Все оттенки чёрного”. Нармальны чалавек адразу скажа, што ў чорнага няма адценняў, але тут чорны разглядаецца не як колер, а як вобраз. То бок, дадзеным альбомам я спрабую паказаць, што не ўсё добрае —дрэннае, не ўсё дрэннае — добрае. Груба кажучы, не заўсёды смерць можа быць дрэннай, а жыццё — добрым. То бок, альбом атрымаўся сур’ёзным, глыбокім і, магчыма, нават крыху змрачнаватым.

Еўрарадыё: А стылістычна?

Ціхан Золатаў: Ну, гэта, безумоўна, рок, але, магчыма, надта блізкі слухачу. Я яго называю поп-рок, хоць, калі глыбей капнуць, то папса. Магчыма, гэта гады ўжо адгукаюцца (усміхаецца). Даволі шмат было ў маім жыцці складанай для слухача музыкі. Напрыклад, тую ж Divina Enema, дзе я і аранжыроўкі цалкам пісаў і ўсё рабіў, рэдка хто ўспрымае, хоць, калі ўспрымаюць, то кажуць, што гэта было крута. Але тая музыка была нейкая няслухабельная. А цяпер мы зрабілі рок, але больш блізкі для слухача… Але што атрымалася стылістычна, я думаю, мусіць вырашаць ужо кожны чалавек самастойна.

Еўрарадыё: Дзе запісваліся? Ці спрабавалі як-небудзь пазбегнуць таго самага славутага “беларускага гучання”, калі два гурты граюць аднолькава якасную музыку, але запіс выдае прыналежнасць аднаго з іх да Беларусі?

Ціхан Золатаў: Ух! Цікавае пытанне. Не! Мы, напэўна, паступілі абсалютна па-беларуску, бо рабілі запіс сваімі сіламі, то бок, бюджэтна. Магчыма, таму так усё расцягнулася па часе, таму ёсць тэхнічныя моманты, якія нам не вельмі падабаюцца, але мы шукалі свой гук. Не тое, каб мы на нешта арыентаваліся, маўляў, хочам гучаць як, напрыклад, Nickelback ці, там, Боб Дылан! Але мы шукалі свой гук і мне падаецца, што знайшлі. Не магу сказаць, што ў нас усё атрымалася, мы дагэтуль пастаянна спрачаемся, што “барабаны мусяць гучаць не так, а так”, ці “тут мусіць быць харошы брытанскі мокры гук” — “ты не разумееш, што такое брытанскі мокры гук!” і г.д.

Еўрарадыё: То бок, падчас працы нікога сабе ў прыклад не ставілі, ці ўсё ж нехта ўплываў на аранжыроўкі?

Ціхан Золатаў: Не магу сказаць. Атрымліваецца, што і я, і Саша, з якім мы рабілі аранжыроўкі, з вельмі музычна развітых сем’яў, дзе было за ўсё жыццё з’едзена столькі абсалютна рознай музыкі, што адасобіць нешта канкрэтнае вельмі складана. Калі проста ў’явіць, у якіх праектах я працаваў, то… усё што заўгодна магло паўплываць. Divina Enema — black metal, death meta,l Svet Boogie Band — блюз, зусім іншая музыка… Праекты, у якіх я працаваў, як сесійны музыка, Neo, HandMade, Kriwi — ужо музыка з больш поп-гучаннем! І мне ўсё гэта цікава. Я не магу сказаць, што мне падабаецца толькі метал. Я б сказаў, што шмат чаго ў металічнай музыцы мне не падабаецца, як і ў любой іншай (усміхаецца). Што дакладна, мне падабаецца жывая музыка, чым больш яна жывая і цёплая, тым лепш.

У пэўны момант мы вырашылі, што старонка Svet Boogie Band у нашым жыцці перагорнутая

 

Еўрарадыё: Вось, дарэчы, ты ж шмат дзе працаваў у якасці сесіёншчыка, а чаму так нідзе і не замацаваўся?

Ціхан Золатаў: У нас усе беларускія гурты, ва ўсялякім выпадку, тых часоў, калі я браў удзел, маюць такую дзіўную тэндэнцыю не мець пэўнай аб’яднанасці ўнутры. Ва ўсялякім выпадку, я не адчуваў, што ёсць нешта агульнае, што аб’ядноўвае музыкаў. Ты сесіёншчык, табе сказалі сыграць гэтую партыю, сыграў. Пайграў там паўгода, пашукаў нешта цікавае, не знайшоў. Узнікае пытанне ці пераходзіць на нейкую камерцыйную аснову, ці шукаць сябе ў нейкім іншым праекце? Вось і ўсё.

Еўрарадыё: Разам са Святаславам Хадановічам, лідарам Svet Boogie Band, у вас было вельмі шмат ідэй, праектаў, якія не паспелі рэалізавацца. Можа, ёсць думкі наеонт іх рэалізацыі?

Ціхан Золатаў: Крыху балючая тэма! Скажу так, каб адразу апярэдзіць усе магчымыя далейшыя пытанні. У пэўны момант склад гурта, які застаўся, прыняў рашэнне, што гэтая старонка нашага жыцця перагорнутая. Кожны для сябе пакінуў яе ўнутры, як нейкі досвед, гісторыю. А больш ніякім чынам не жадаем для сябе гэта варушыць. То бок, для нас гэтая тэма стала вельмі інтымнай.

Тэндэнцыя на развіццё кавер-бэндаў у краіне мне падабаецца

 

Еўрарадыё: Можна сказаць, што да сённяшняга дня твой гурт Gentle Beat спецыялізаваўся выключна на каверах. У нас у Беларусі цяпер адбываецца нейкая эпідэмія кавер-гуртоў, іх безліч, яны паўсюль, а вось аўтарскія праекты застаюцца ў цені. Чаму так?

Ціхан Золатаў: Я не ведаю, з чым гэта можа быць звязана, хоць мне такая тэндэнцыя падабаецца. Ва ўсялякім выпадку, усе кавер-бэнды жывыя, і яны замяшчаюць сабой тую хвалю людзей з фанаграмамі, якія выступалі на карпаратывах, святах і г.д. Кавер-бэнды проста іх выпхнулі. Тыя людзі, якія раней запісвалі адну ці некалькі песень і потым з гэтымі трыма песнямі ездзілі касілі бабло, ці маюць цяпер дастаткова працы!? Мне падаецца, што такая колькасць кавер-бэндаў абсалютна рознага фармату — добра. Сучаснае пакаленне пераходзіць на жывую музыку, бачыць, як гэта гучыць і выглядае.

Зноў жа, кавер-бэнды даюць магчымасць музыкам зарабляць. У 90-х было вельмі шмат добрых гуртоў у нас, нават крыўдна, што цяпер столькі няма, але яны не маглі зарабляць музыкай. А цяпер шмат гуртоў, і я іду па такой схеме развіцця, заявіліся, як кавер-бэнды, каб пракарміць музыкаў і гурт, каб музыкі былі сыграныя, каб былі выдатнай, прафесійнай машынай, якая не будзе бледна выглядаць на любым канцэрце. У той жа час, музыкі маюць нармальны штомесячны даход, што знішчае непрыемнае камерцыйнае адценне, якое звычайна псуе адносіны ўнутры гурта. То бок, спачатку кавер-бэнд, а далей аўтарскія песні.

Еўрарадыё: Але аўтарскі рэпертуар такіх гуртоў вельмі падобны менавіта на тое, што яны граюць на кавер-канцэртах! Да таго ж, аўтарская музыка, атрымліваецца, у нас не цэніцца. Дык навошта тады? Можа, лепш і заставацца кавершчыкам?

Ціхан Золатаў: Добрае пытанне! Але я думаю, што варта займацца аўтарскім, іначай праца кавер-бэндаў робіцца бессэнсоўнай. Ёсць жа такія непрыемныя словы, як “лабух”… Ну, а тое, што музыка, якую яны выконваюць, адлюстроўваецца і на аўтарскіх песнях — натуральна. Але думаю, што гэта недахоп часу, які яны аддаюць уласнай творчасці. Мне падаецца, што цяпер яны вельмі падобныя на кагосьці, але гадоў праз пяць, калі яны застануцца ў музыцы, а не сыдуць у іншы бізнэс, то знойдуць сваё гучанне, і ў Беларусі з’явіцца шмат цікавых праектаў.

Яшчэ адзін бок: я пачаў рабіць сольны аўтарскі альбом, калі мне ўжо за 30-ць. Адчуваю я сябе цяпер такім піянерам, бо я выдаю першы альбом!

Не разумею музыкаў, якія пішуць музыку, каб яе лепш прадаць

Еўрарадыё: 29 траўня ў Loft Cafe адбудзецца прэзентацыя дэбютнага альбом Ціхана Золатава “Все оттенки чёрного”. Што чакаць на канцэрце?

Ціхан Золатаў: Перш за ўсё, гэта будзе вельмі хатні па атмасферы канцэрт! Бо каго я магу запрасіць? Ніхто ж мяне не ведае, як выканаўцу Ціхана Золатава. Таму я проста запрасіў усіх сваіх знаёмых, сяброў, сваякоў. Што здзівіла, іх аказалася не так ужо і мала. На тое, каб кожнаму напісаць, патэлефанаваць у мяне пайшло некалькі дзён. Але! Гэта будзе проста жывы канцэрт з усімі маімі напрацоўкамі, з усімі маімі ведамі пра жывыя выступы. Я амаль цалкам сам займаюся ўсімі момантамі, пачынаючы ад апаратуры, заканчваючы элементамі відэашоў і г.д. Адзінае, што я магу паабяцаць, гэта тое, што мы зробім максімальна добры і зручны гук. Бо вельмі шмат ужо на гэтым набіта гузоў.

Плюс, усё гэта будзе здымацца на відэа, запсівацца, каб потым зрабіць такі канцэртны фільм. Для сябе, бо не ведаю, ці буду яго выдаваць. Не ведаю, ці адыграем мы пасля гэтага разу яшчэ якія канцэрты, бо гэта ўжо будзе ясна дзякуючы рэакцыі публікі. Я б сказаў, што я не стаўлю мэтай зарабляць гэтай музыкай грошы, каб гэты альбом стаў камерцыйна паспяховым. Напэўна, гэта ўжо ў мінулым, цяпер мне гэта ўжо не цікава.

Еўрарадыё: Дык а якая тады мэта?

Ціхан Золатаў: Ёсць жаданне выразіць сябе! Ёсць добрыя словы ў Вярцінскага, песня называецца “То, что я должен сказать”. Гэта немагчыма патлумачыць. Я не разумею музыкаў, якія пішуць музыку, каб яе неяк лепш прадаць. І мой альбом будзе гучаць больш даступна для слухача не для таго, каб яго можна было больш масава прадаць, а каб зразумелі. Каб тое, што хацелася данесці людзям, было пачутае! Спадзяюся, вы мяне разумееце!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі