Ціханоўская можа выйсці з выбарчай гонкі: пагражаюць мне і маім дзецям (відэа)

Ціханоўская можа выйсці з выбарчай гонкі: пагражаюць мне і маім дзецям (відэа)

Святлана Ціханоўская можа зняцца з выбарчай гонкі. Прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду запісала адпаведны відэазварот і даслала яго ў рэдакцыю TUT.by. Па словах жанчыны, яна атрымала пагрозы наконт сваіх дзяцей.

"Я знаходжуся ў Гомелі, я прыехала сюды, каб пачаць здачу подпісаў, сабраных у маю падтрымку. І на парозе адной з адміністрацый мне паступіла тэлефанаванне з пагрозамі на мой адрас і на адрас маіх дзяцей з умовай таго, што я не павінна працягваць гэтую паездку. Перада мной стаіць выбар: дзеці або далейшая барацьба. Думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменнем паставіцца да любога майго рашэння. Хачу сказаць, што калі б Сяргей быў на волі, ён бы сказаў вам не здавацца", — заявіла Ціханоўская.

Напярэдадні стала вядома, што ініцыятыўная група прэтэндэнткі сабрада 100 тысяч подпісаў, неабходных для яе рэгістрацыі кандыдаткай у прэзідэнты. Сёння Ціханоўская адправілася ў паездкі па рэгіёнах, каб здаць подпісы.

Кандыдатам у прэзідэнты хацеў зарэгістравацца блогер Сяргей Ціханоўскі. Аднак на час падачы дакументаў яго адправілі за краты. Таму сваю кандыдатуру выставіла яго жонка Святлана. Яе муж узначаліў ініцыятыўную групу.

Да пікетаў Ціханоўскай у Мінску і іншых гарадах станавіліся доўгія чэргі. 

Аднак 29 траўня на выбарчым пікеце ў Гродне Ціханоўскага затрымалі пасля правакацыі. Разам з ім затрымалі яшчэ 9 чалавек. На іх пачалі крымінальную справу і вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць ргамадскі парадак. 

3 і 4 чэрвеня на лецішчы ў Ціханоўскага пад Гомелем прайшлі ператрусы. Толькі трэцяя група следчых знайшла ў пакеце за канапай 900 тысяч долараў. 

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі Сяргея Ціханоўскага і іншых актывістаў, затрыманых па яго справе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі