Ціханоўская: наш голас пачула і Расія

Ціханоўская: наш голас пачула і Расія

Святлана Ціханоўская аб'явіла пра пачатак другога этапу падрыхтоўкі да перамоваў дэмакратычных сіл і ўлады ў Беларусі. Першым этапам яна назвала збор больш за 760 тысяч галасоў у інтэрнэце за мірнае вырашэнне крызісу ў нашай краіне з дапамогай гэтых перамоваў. "Мы вярнулі сабе голас — і яго пачулі ўсе", — заявіла Ціханоўская. Паводле яе слоў, падтрымка ёсць і ў ЕС, і ў ЗША, і ў іншых краінах.

"Міжнародныя партнёры кажуць нам, што патрабаванне перамоў паказвае сталасць беларусаў як нацыі — бо гэта гатоўнасць прызнаць крызіс і вырашыць яго негвалтоўным шляхам, — працягвае Свялана Ціханоўская. — Гэтым мы адрозніваемся ад рэжыму, які разбурыў усе кантакты і сувязі і забыўся ўсе мовы, акрамя мовы гвалту".

"Наш голас пачула і Расія", — падкрэслівае Ціханоўская. І згадвае ўчорашнюю відэаканферэнцыю канцлера Германіі і прэзідэнтаў Францыі, Расіі. Ангела Меркель і Эмануэль Макрон гаварылі з Уладзімірам Пуціным пра свабодныя выбары ў Беларусі.

Што ж за другі этап падрыхтоўкі да перамоваў? Паводле Святланы Ціханоўскай, першы яго накірунак — прымушэнне рэжыму да перамоваў праз узмацненне знешняга і ўнутранага ціску, праз пошук новых формаў пратэсту. Другі накірунак — падрыхтоўка і арганізацыя перамоваў. Аптымальныя рашэнні каманда Ціханоўскай шукае з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, экспертных груп і ўрадаў. Найбольш верагоднай пляцоўкай для перамоваў выглядае АБСЕ. А галоўным сігналам да дыялогу стане спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў у Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі