Ціханоўская: не хачу мець зносін з чалавекам, які аддаў загад схапіць майго мужа
"Не хачу мець зносін з чалавекам, які аддаў непасрэдны загад (як ён сам у гэтым прызнаўся) схапіць майго мужа праз такую правакацыю і пасадзіць яго ў СІЗА", — заявіла кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская 20 ліпеня ў стрыме Радыё Свабода (Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі з 29 траўня). Так яна выказалася наконт свайго ўдзелу ў дэбатах з Аляксандрам Лукашэнкам. "Я, на жаль, напэўна, не змагу там быць", — сказала Ціханоўская.
Тым не менш, аб'яднаны штаб кандыдата ў прэзідэнты запрасіў Аляксандра Лукашэнку на дэбаты. Пра гэта распавяла Вераніка Цапкала. "Так склалася сітуацыя ў краіне, што адзін з кандыдатаў ніколі не выходзіць на дэбаты, — гаварыла яна, маючы на ўвазе Лукашэнку. — Мы так разумеем, што гэта ніжэй за яго годнасць, ніжэй за ягоны ўзровень. Але, можа быць, ён прыме прапанову ад трох дзяўчат, ад кандыдата-дзяўчыны, і выйдзе з ёй на дэбаты".
Вераніка дадала: "Мы яго спытаем і паглядзім яму ў вочы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.