Ціханоўская заявіла пра магчымую падрыхтоўку правакацыі (відэа)
Святлана Ціханоўская абвясціла пра адмену пікетаў у сваю падтрымку ў Мінску і абласных гарадах. Збіраць подпісы не будуць у бліжэйшыя выходныя — 12-14 чэрвеня.
Гэтае рашэнне прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду патлумачыла магчымай падрыхтоўкай правакацыі з боку спецслужбаў. Таксама яна адзначыла, што на сяброў ініцыятыўнай групы значна вырас ціск і працягваюцца рэпрэсіі.
"Паверце, ніводзін сабраны подпіс не варты таго, каб пакутавалі вы і вашыя сем'і", — заявіла Ціханоўская.
Збор подпісаў працягнецца ў рэгіёнах. Па словах Ціханоўскай, яе група падасць у ЦВК на рэгістрацыю столькі подпісаў, колькі будзе сабрана.
Пікеты па зборы подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай былі, мабыць, самымі шматлюднымі. У Мінску ды іншых гарадах людзі стаялі ў чэргах па некалькі гадзін, каб падпісацца за Ціханоўскую.
Яе мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага, затрымалі з паплечнікамі ў Гродне 29 траўня пасля правакацыі на выбарчым пікеце. Яго яшчэ шэсць чалавек вінавацяць у падрыхтоўцы і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты завяршаецца 19 чэрвеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.