Ціханоўская: “Асабліва цяпер бачна, хто перш за ўсё праект Крамля”
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская падвяла вынікі года ў інтэрв'ю Еўрарадыё. Там яна распавяла, чаму няма гандлю палітвязнямі, як яна ставіцца да інцыдэнта са злівам дадзеных Чорнай кнігі Беларусі. А таксама, ці рыхтуюцца дэмсілы да ўварвання беларускага войска ва Украіну, калі будзе аўдыт Офіса і ці ёсць у яе шуфлядка з грашыма донараў.
Сабралі для вас самае цікавае з размовы.
Зміцер Лукашук: Чаму Ціханоўская да гэтага часу не дамаглася таго, каб гандаль палітвязнямі пачаўся? Сказала б, Байдэн, памяняй дзве-тры санкцыі на пару палітвязняў. Увогуле такое магчыма?
Святлана Ціханоўская: Пра гандаль палітвязнямі размова ніколі не ішла. Бо мы казалі, што павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні. Мы вельмі імкнуліся вызваліць тых палітвязняў, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане па здароўі. У каго рак, у каго праблемы з сэрцам. Каля 25 чалавек у вельмі цяжкім становішчы. І нават гэта не адбылося.
Я памятаю, што ЗША хацелі ўвесці санкцыі, але сказалі, што мы не ўвядзем санкцыі, калі частка палітзняволеных будзе адпушчаная. Далі шэсць месяцаў на гэта. Яны [беларускія ўлады. — Еўрарадыё] за гэтыя шэсць месяцаў знайшлі спосабы, як будучыя санкцыі абысці і ніводзін чалавек не быў выпушчаны.
Калі ёсць людзі, якія могуць размаўляць з рэжымам, мы б гэта віталі. Але няма ніякай цікавасці з боку рэжыма. Думаю, прычына ў тым, што ціск недастатковы.
З. Л.: Зміцер Шчыгельскі сказаў, што час Святлане вынесці на падносе галаву Франака Вячоркі. Калі ўжо вынясеце?
С.Ц.: Хіба ж галава Франака на падносе дапаможа нам наблізіцца да перамен? Не думаю, што час шукаць вінаватых. Час шукаць новыя спосабы, метады, ініцыятывы, якія дапамагаюць у нашай барацьбе.
Тут не ў Франаку справа. Хто б не апынуўся побач са мной, шукалі б другога вінаватага. Вінаватых шмат у прадстаўленні некаторых людзей.
З. Л.: Сітуацыя з NDA [дамова аб неразгалошванні] таксама раздзьмутая, ці не раздзьмутая? Дарэчы, вы самі падпісалі яе?
З. Л.: Можа быць аддадзены загад і пачнецца ўдзел беларускага войска ў вайне супраць Украіны. У Офіса, у дэмакратычных сіл, у вас асабіста ёсць бачанне, што рабіць тады, што сказаць беларусам, як самі будзеце дзейнічаць?
С. Ц.: Канешне, ужо мы распрацоўваем планы, як нам трэба будзе дзейнічаць у гэтых абставінах. Яшчэ раз кажу, што я веру ў беларускую армію, што яны таксама не хочуць удзельнічаць у гэтай вайне, не хочуць паміраць ці забіваць за амбіцыі двух узурпатараў.
Але ж такая сітуацыя можа і быць. Таксама шмат залежыць ад таго, якія войскі, колькі войскаў [Беларусі будуць удзельнічаць у вайне супраць Украіны. — Еўрарадыё]. Ці гэта будуць нейкія лаяльныя да рэжыму дзве-тры тысячы людзей, ці гэта будзе ўся армія адпраўлена.
Што можна будзе зрабіць у Беларусі, што трэба будзе рабіць беларусам. Цяпер выпрацоўваюцца метадычкі, рэкамендацыі і гэтак далей, каб у пэўны момант мы былі гатовыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.