Да 1 кастрычніка ва ўсіх пад’ездах установяць асобныя лічыльнікі электраэнергіі

Да 1 кастрычніка ва ўсіх пад’ездах установяць асобныя лічыльнікі электраэнергіі

Новы ўказ кіраўніка краіны № 107 “Пра аплату жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву” абавязвае Мінгарвыканкам і аблвыканкамы да 1 кастрычніка ўсталяваць “прыборы ўліку электраэнергіі, скарыстанай на асвятленне дапаможных памяшканняў ды працу абсталявання”.

Таксама змяняюцца падыходы да налічэння платы за тэхнічнае абслугоўванне ліфта, за прыборку дапаможных памяшканняў жылога дома, за электраэнергію на асвятленне месцаў грамадскага карыстання, працу дапаможнага абсталявання ў залежнасці ад колькасці чалавек, якія жывуць у кватэры.

Тэхнічнае абслугоўванне ліфта цяпер не будзе перавышаць 6911 рублёў з аднаго чалавека ў месяц. Санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў — 5300 рублёў з чалавека. Электрычнасць, выдаткаваная на асвятленне пад’ездаў ды працу абсталявання, цяпер будзе каштаваць кожнаму жыхару 3900 рублёў у месяц, незалежна ад таго, колькі энергіі было рэальна спажыта. За кілават электраэнергіі на ліфт давядзецца плаціць 2600 рублёў, але гэты паказчык будзе дзяліцца на ўсіх жыхароў пад’езда (за выключэннем першага паверха) і вылічвацца ў залежнасці ад спажытай энергіі.

Указам змяншаюцца тарыфы на паслугі водазабеспячэння ў 1,7 раза (было 4765,9 рубля, а стане 2790 рублёў за 1 кубічны метр), каналізацыі — больш чым у 2,2 раза (было 4148,8, а стане 1863 рубля за 1 кубічны метр). Адзначаецца, што гэта робіцца "ў мэтах зніжэння фінансавага цяжару для насельніцтва".

З’яўляецца гранічны тарыф на паслугу па тэхнічным абслугоўванні кодавых дзвярэй і дамафонаў жылога дома — 9100 рублёў на адну кватэру.

Указ ужо пачаў дзейнічаць, ён распаўсюджваецца на аплату паслуг ЖКГ, пачынаючы з 1 студзеня 2016 года.

Наступным крокам будзе распрацоўка пастаноў Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў, якія ўстановяць тарыфы на камунальныя паслугі па сваіх рэгіёнах, якія не мусяць перавышаць лічбы, прапісаныя ў новым указе. Далей гэтыя пастанаўленні мусяць прайсці ўзгадненні ў Мінэканомікі і Мінюсце. Толькі тады выканкамы здолеюць пералічыць жыроўкі па новых тарыфах і распаўсюдзіць іх сярод жыхароў. Адбыцца гэта мусіць не пазней за 25 сакавіка, аплаціць жа квітанцыі без штрафаў і пені можна да 5 красавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі