Да 60 гадзін. Беларусы расказалі, як стаяць у чэргах на мяжы
Шматгадзінная чарга на выездзе з Беларусі ў Польшчу
На беларуска-польскай мяжы — транспартны калапс. Каб выехаць з Беларусі ў Польшчу на легкавым аўтамабілі, у чарзе даводзіцца стаяць суткамі. На спякоце, без туалета, магчымасці нармальна паесці або памыцца.
"Дагэтуль стаяць на нейтралцы тыя, хто выехаў з зоны чакання ў 7:00. Цяпер ужо 16:20. Палякі нікога не прапускаюць", — кажа мужчына, што стаіць у чарзе з сям'ёй.
На прапускным пункце "Бераставіца", дзе працуе жывая электронная чарга, час чакання — да 60 гадзін. Чарга рухалася б хутчэй, калі б не платная бронь, якая дае прыярытэтны праезд. З ёю прыязджае па 8-10 машын на гадзіну. І толькі пасля іх прапускаюць астатніх.
Але нават платная бронь не ратуе ад працяглага чакання.
"У мяне была бронь на 23:00. Да нашых заехаў у 23:20. І яшчэ не выехаў, — кажа яшчэ адзін падарожнік у 11:14. — Уся нейтралка бітма".
Такіх паведамленняў вельмі шмат у чатах, дзе абмяркоўваюць рух чаргі.
"Бронь на Бераставіцы спазняецца на 3 гадзіны. У нас была на 5-6 раніцы. Прыехалі ў 4:40. Да беларусаў заехалі толькі ў 9:00", — дзеліцца досведам шчасліўчык, які нядаўна прайшоў мяжу.
"Чарга на 8:00-9:00, — паведамляе іншы. — Былі 24-я, калі прыехалі. З зоны чакання дагэтуль не выехалі". Гэта напісана ў 12:23.
Такая сітуацыя назіраецца тут ужо некалькі дзён. Як адзначаюць тыя, хто стаіць у чарзе, яна то рухаецца трохі хутчэй, то спыняецца зусім.
"Сёння, на хвіліначку, +30. У мяне маленькае дзіця на руках. Ні вады, ні прыбіральні нармальнай, ні крамаў. Нічога. Прасілі ў памежнікаў неяк паскорыцца або прапусціць з малым — адправілі ў агульную чаргу. Крыўдна, што праз палітыку пакутуюць звычайныя людзі!" — кажа дзяўчына з нікам Nata.
Па стане на 14:00 26 жніўня ў чарзе на выезд з Беларусі на "Бераставіцы", паводле звестак ДПК, было 370 машын. Аднак у электроннай чарзе зарэгістравана на гэты час больш за 900 машын. Першы, хто стаяў у ёй на той час, прыехаў на мяжу 23 жніўня каля 14:00.
Стаяць у чэргах на мяжы не толькі беларусы, але і грамадзяне краін Еўрасаюза, якія прыязджалі ў Беларусь па бязвізе. "Сёння, маніторачы сваю чаргу, глянулі на нумары машын, якія стаяць разам з намі. З 40 аўто 10 машын зарэгістраваныя ў ЕС. 5 аўто — першы рэгіён, 3 машыны — сёмы рэгіён, 1 машына — трэці рэгіён, астатнія — чацвёрты. Гэта значыць 25% — нумары ЕС. Не так ужо мала", — кажа адзін з тых, што стаяць у чарзе.
"Мы таксама заўважылі ў чарзе машыны з замежнымі нумарамі. Стаяць як усе, ніхто ім ніякіх паблажак не робіць, — расказаў Еўрарадыё мінчук, што захрас у чарзе са сваёй сяброўкай. — Мы едзем у Польшчу, каб пабыць там пару дзён у сваякоў, а потым паляцець у Іспанію. Але, здаецца, планы давядзецца трохі скарэктаваць. Можам дабрацца да Варшавы акурат да самалёта. Мы ў чарзе з учорашняга дня.
Вельмі цяжка. Горача, душна. Няма магчымасці памыцца. Сядзім ліпкія. З ежы толькі тое, што ўзялі з дому. І добра, што ўзялі. Ратуе планшэт, хоць фільм які можна паглядзець, не так сумна".
Паводле словаў хлопца, чарга рухаецца вельмі павольна.
"Лахануўся, не падумаў, што можна заплаціць і праехаць хутчэй. Але бронь трэба было купляць за некалькі дзён. Калі шчыра, не думаў, што тут такі жах будзе", — працягвае наш суразмоўца.
Беларуская мытня і памежнікі вінавацяць у сітуацыі выключна польскі бок. Кажуць, што самі працуюць у штатным рэжыме.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.