Да Дня роднай мовы Віцебскі ўніверсітэт зладзіў конкурс рускай мовы
У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава праходзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы.
Напрыклад, у раздзеле "Тыдзень роднай мовы" паведамляецца аб разнастайных падзеях, прысвечаных... рускай мове. Гэта і падвядзенне вынікаў адкрытага абласнога конкурса "Мая родная мова — руская", і фінал конкурсу "СлаўФэст", на якім замежныя студэнты чытаюць творы рускіх аўтараў, і круглы стол па праблемах выкладання рускай мовы як роднай, няроднай і замежнай.
Што цікава: у арганізатарах абодвух конкурсаў (і "Мая родная мова — руская", і "Слаўфэст") пазначаная кафедра беларускай мовы.
У каментары nn.by адна з намесніц дэкана філалагічнага факультэта заявіла: "У мяне родная мова — беларуская. У нашым універсітэце розныя мовы гучаць, ёсць нават студэнты са Шры-Ланкі. А канферэнцыю ладзіць кафедра сусветных моў".
Пра конкурс "Мая родная мова — руская" яна выказалася лаканічна: "Усё ўзгоднена".
У Мінадукацыі кажуць, што пытанні наконт гэтых мерапрыемстваў трэба задаваць не ім, а адміністрацыі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.