Да канца верасня ацяпленне не ўключаць
Ці ўключаць ацяпленне ў школах, лякарнях і кватэрах, вырашаюць мясцовыя выканкамы. Чыноўнікі спасылаюцца на "Правілы падрыхтоўкі і правядзення асенне-зімовага перыяду энергазабяспечвальнымі арганізацыямі і спажыўцамі цеплавой энергіі".
Гэты дакумент Еўрарадыё раяць пачытаць ва Упраўленні жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкама. Глядзім. У лякарнях, школах і садках ацяпленне ўключаюць "пры сярэднесутачнай тэмпературы цягам 5 сутак +10 С і ніжэй".
У кватэрах, інтэрнатах і гасцініцах батарэі цяплеюць "пры сярэднесутачнай тэмпературы цягам 5 сутак +8 С і ніжэй".
Сіноптыкі такой нізкай тэмпературы не прагназуюць да канца месяца. Пра гэта Еўрарадыё распавядае Святлана Рыбакова, галоўны сіноптык Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
"За апошнія трое сутак сярэднесутачная тэмпература ў Мінску складае 10 градусаў. Пакуль разлічваць на 8 градусаў не даводзіцца. На цяпло таксама не варта. Каля 10 сярэднесутачных градусаў будзе тыдзень, а пасля можа вярнуцца цяпло. Ночы цёплыя напрыканцы месяца, не будзе замаразкаў".
У мінулым годзе ацяпленне ў кватэрах пачалі ўключаць 7 кастрычніка. Тады мінчане скардзіліся на ледзь цёплыя батарэі яшчэ некалькі дзён.
А ў 2014-м ацяпленне ў кватэрах далі толькі 17 кастрычніка. У садках і школах батарэі пацяплелі 3 кастрычніка. У большасці выпадкаў ацяпленне ў Мінску ўключалі ў прамежку паміж 7-м і 20-м днём кастрычніка.
Апошні раз ацяпленне даражэла ў студзені 2016 года і адразу на 33%! Цяпер ва ўрадзе Еўрарадыё адказваюць, што "не маюць інфармацыі пра магчымае падаражанне" ў найбліжэйшы час.