Да медыкаў з-за сітуацыі з вадой звярнуліся 15 чалавек, шпіталізаваныя чатыры
24 чэрвеня да медыкаў звярнуліся 15 мінчукоў, якія скардзіліся на пагаршэнне здароўя ў сувязі з кепскай вадой. Пра гэта паведаміў галоўны доктар станцыі хуткай меддапамогі Аляксандр Жынко на прэс-канферэнцыі 25 чэрвеня.
У стацыянар былі дастаўленыя чатыры чалавекі з гэтых 15. У адной, праўда выявілі апендыцыт, што наўрад ці звязана з кепскай якасцю вады, мяркуе спецыяліст. Па словах Жынко, людзі звязвалі пагаршэнне свайго здароўя менавіта са спажываннем кепскай вады.
Дарэчы, 24 чэрвеня прэс-служба Мінздароўя абвяргала звесткі пра тое, што людзі пацярпелі ад кепскай вады: "Інфармацыя пра тое, што ў мінскія бальніцы паступаюць пацярпелыя з апёкамі вачэй і атручваннямі парамі аміяку, не адпавядае рэчаіснасці".
25 чэрвеня такіх зваротаў у хуткую дапамогу не паступала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.