Да МТЗ прыходзілі тысячы людзей, каб падтрымаць рабочых
Раніцай 19 жніўня да Мінскага трактарнага завода прыйшло каля двух тысяч чалавек, каб падтрымаць рабочых, якія хочуць баставаць. Каля ўваходу на прадпрыемства знаходзяцца АМАПаўцы, прыехаў аўтазак.
Як вядома, на МТЗ ёсць і прыхільнікі забастоўкі, і яе праціўнікі, і тыя, хто вагаецца. Забастоўкі арганізуюцца і на іншых прадпрыемствах краіны, на якіх створаны ці ствараюцца стачкамы. Патрабаванні палітычныя — новыя выбары, адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай, спыненне гвалту сілавікоў і г. д.
"Група падтрымкі" заклікала рабочых МТЗ далучацца да агульнанацыянальнай забастоўкі.
Да МТЗ прыйшлі і рабочыя маторнага завода — каб падтрымаць калегаў, якiя могуць далучыцца да забастоўкi. Актыў трактарнага завода не можа зайсці ў будынак, іх прапускі заблакаваныя.
Пасля да АМАПу прыехала падмацаванне, яшчэ адзін аўтазак, людзей, якіх ужо стала менш, ад прадпрыемства адагналі. Ёсць звесткі пра двух затрыманых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.