Да трох мільёнаў тон у год: Літва гатовая перавозіць нафту для Беларусі

Да трох мільёнаў тон у год: Літва гатовая перавозіць нафту для Беларусі

Літоўскія кампаніі гатовыя перавозіць у Беларусь да трох мільёнаў тон нафты ў год. Пра гэта ў пятніцу заявіў кіраўнік транспартнага прадпрыемства LG Cargo, якое належыць Літоўскай чыгунцы, Эгідыюс Лазаўскас. 

"Тыя 18 млн тон, якія ў год для сваіх патрэб імпартуе Беларусь, мы перавезці не змаглі б. Магчымасці Літвы складаюць каля 3 млн тон", перадае словы Лазаўскаса ТАСС.

Па яго словах, у пастаўках нафты Беларусі будуць задзейнічаны кампанія Кlaipedos nafta з тэрміналам па прыёму сыравіны і марскі порт Клайпеды. Для арганізацыі паставак Літве патрэбны максімум два тыдні, беларусы ў сваю чаргу мусяць даслаць літоўцам заяўку а таксама цыстэрны.

1 студзеня Расія прыпыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, бо краіны не дасягнулі дамоўленасцяў пра ўмовы паставак расійскай нафты ў 2020 годзе. Беларускія ПНЗ пакуль працуюць на запасах, якія былі зробленыя ў снежні. Паведамляецца, што іх можа хапіць на два-тры тыдні. У той жа час ідзе актыўная праца па новых кантрактах па пастаўках расійскай нафты.

У Маскве таксама заявілі пра магчымасць разавых паставак нафты ў Беларусь для нафтаперапрацоўчых заводаў. Гаворка ідзе пра разавыя пастаўкі з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў. Адзначаецца, што такі варыянт прапанаваў беларускі бок. Гэтыя пастаўкі павялічылі б запасы нафты на нафтаперапрацоўчых заводах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі