Дадаеў адмовіўся ад прызнання ў забойстве Нямцова
Свае ранейшыя паказанні ён патлумачыў пагрозай смерці.
1 красавіка Маскоўскі гарадскі суд разглядаў заявы затрыманых за забойства апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Па іх выніках суд адпусціў трох затрыманых. Пад вартай застаўся толькі галоўны фігурант справы Заур Дадаеў. Масгарсуд прызнаў законным яго арышт на два месяцы і адхіліў скаргі абароны, перадае РБК.
Сам Дадаеў у зале суда не прысутнічаў, а ў разглядзе ўдзельнічаў праз відэаканферэнц-сувязь.
Адвакат Дадаева Іван Герасімаў у сваёй скарзе спасылаўся на тое, што яго падабаронны актыўна супрацоўнічае са следствам і не мае намеру хавацца ад следства і суда.
Сам жа Дадаеў заявіў, што ў момант забойства быў у сябе дома. Па яго словах, ёсць сведкі гэтага. "Няма ні фота, ні відэа, што я быў на месцы забойства або на месцы пражывання забітага. Ёсць толькі паказаньні, якія я даў пад ціскам", — паведаміў ён.
Дадаеў заявіў, што даў паказанні, бо яго выкралі і пагражалі смерцю яму і яго сябру Руслану Юсупаву. Ён настойваў, што прызнальныя паказанні даў пад дыктоўку следства.
Фота — ria.ru