ДАІ: Аварый праз павелічэнне хуткаснага рэжыму больш не стала
За мінулыя выхадныя рэгістраваліся ДТЗ праз няўважлівасць кіроўцаў і парушэнні правілаў абгону. Хуткасць на гэта не паўплывала, кажуць інспектары.
Нагадаем, з 10 кастрычніка на асобных участках Мінскай кальцавой дарогі хуткасць павялічылі да 100 км/г. Як паведамілі Еўрарадыё ў мінскай ДАІ, праз павелічэнне хуткасці больш аварый на мінулых выхадных не зафіксавана.
Вось што распавёў Еўрарадыё інспектар аддзела агітацыі і прапаганды мінскай ДАІ Арцём Цыбулька:
“У нас цяпер праводзіцца аперацыя “Хуткасць” з 6 па 15 кастрычніка, і хуткасці стала болей надавацца ўвагі... Мы павялічылі хуткасць толькі на 10 кіламетраў і толькі ў левай паласе на асобным участку, а там і так усе ездзілі пад 110, асабліва дзе няма камер... Аварый болей не стала, яны на МКАД адбываюцца штодзень, штодзень там заторы”.
Па словах Цыбулькі, неўзабаве да 100 кіламетраў у гадзіну павялічыцца хуткасць яшчэ на адным участку — ад Лагойскага тракта да праспекта Пераможцаў. Хуткасць таксама павялічылі і на асобных участках дарог рэспубліканскага значэння. Але як заўважылі ў Рэспубліканскай ДАІ, колькасць ДТЗ на дарогах праз павелічэнне хуткасці якраз не павялічылася.
“За мінулыя выхадныя мы рэгістравалі ДТЗ праз няўважлівасцькіроўцаў, парушэнні правілаў абгону і апярэджання. Праз гэта адбываліся аварыі, але не праз перавышэнне хуткасці”, — кажуць ў ДАІ Мінскай вобласці.